Тры гады „хатняй хіміі” прысудзілі Дзмітрыю Лекамцаву за смс-паведамленні з пагрозамі



У Менскім раённым судзе 24 жніўня агучылі прысуд па крымінальнай справе ў адносінах да Дзмітрыя Лекамцава, якога вінавацілі ў пагрозе прымянення гвалту ў дачыненні да супрацоўніка міліцыі (арт. 364 Крымінальнага кодэкса).

Справу разглядаў суддзя Антон Колабаў, бок дзяржабвінавачвання прадстаўляла Крысціна Касінская. Пацярпелым па справе быў прызнаны Сяргей Сямёнаў, які ў суд не з’явіўся праз занятасць па службе.

Паводле абвінавачвання, Дзмітрый Лекамцаў у стане алкагольнага ап’янення вечарам 16 жніўня 2020 года адправіў смс-паведамленні супрацоўніку Рагачоўскага РАУС, начальніку ІЧУ горада Сяргею Сямёнаву, у тэксце якога меліся прыкметы вербальнай агрэсіі ў форме пагрозы ў адрас міліцыянта і яго блізкіх у сувязі з выкананнем ім службовых абавязкаў. Такія дзеянні абвінавачанага былі расцэненыя як пагроза прымяння гвалту ў дачыненні да супрацоўніка АУС і/ці яго блізкіх і кваліфікаваныя паводле арт. 364 Крымінальнага кодэкса.

Лекамцаў прызнаў віну цалкам, у судзе абараняў сябе сам. Ён адзначыў, што раскайваецца, ездзіў да пацярпелага, прыносіў выбачэнні, Сямёнаў іх прыняў. З пацярпелым ніколі не быў знаёмы, у Рагачове таксама ніколі не быў. Абвінавачаны патлумачыў, што ў сувязі з пратэстамі пасля выбараў людзі станавіліся ў ланцугі салідарнасці і ў горадзе сігналілі машыны, яго гэта раздражняла, бо ён быў у стане алкагольнага ап’янення. Ён падыходзіў да людзей, спрабаваў з імі размаўляць, адбылася сварка. Пасля гэтага Лекамцаў прыйшоў дадому, выйшаў у сацыяльную сетку “Аднакласнікі”, а там у стужцы пабачыў інфармацыю пра начальніка ІЧУ г. Рагачова, дзе было напісана, што Сямёнаў запужвае маленькіх дзяцей, жанчын і старых. Таксама ў допісе быў пазначаны тэлефон пацярпелага. Лекамцаў таксама патлумачыў, што раней служыў у войску, у Нагорным Карабаху бачыў жанчын і дзяцей – бежанцаў, якія ў яго зафіксаваліся ў памяці, таму ён спрабаваў патэлефанаваць на пазначаны тэлефон Сямёнава, але там ніхто не адказваў. Тады Дзмітрый напісаў тры ці чатыры смс-паведамленні, але дакладна змест іх не памятае. Пазней зразумеў, што памыліўся, прынёс прабачэнні, прапаноўваў кампенсацыю, але Сямёнаў адмовіўся.

З матэрыялаў справы стала зразумела, што паведамленні былі наступнага зместу:

“Што засц*ў камунікаваць? Табе звоняць з арганізацыі ветэранаў, спецпадраздзялення памежных войскаў СССР. Рыхтуйся поскудзь, час надыйшоў: ці суд, ці знішчэнне. І бойся за сваю сям’ю і родных. Каму ты пагражаў і як адносіўся, так будзе і з табой”.

“Пацук, што маўчыш? Язык у ж*пе, пачвара ментаўская… <неразборліва>

“Лукашэнка не будзе, а вы – поскудзь, за ўсё будзеце адказваць і не толькі, а вашыя родныя і блізкія. Поскудзь, якую выхавалі”.

Была праведзеная лінгвістычная экспертыза, па выніках якой паведамленні ўтрымлівалі негатыўную ацэнку Сяргея Сямёнава, а таксама вербальную агрэсію і пагрозы гвалтам. У судзе зачыталі пратакол апытання пацярпелага, у якім адзначалася, што начальнік ІЧУ баяўся за сябе і сваіх родных.

Падчас спрэчак бакоў Крысціна Касінская прасіла суд прызнаць Лекамцава вінаватым і прызначыць пакаранне ў выглядзе абмежавання волі без накіравання ў папраўчую ўстанову адкрытага тыпу тэрмінам на тры гады, а таксама канфіскаваць тэлефон.

Менавіта такое пакаранне і прызначыў суддзя Антон Колабаў.

spring96.org