Тры з паловай гады “хіміі” за “люстрацыю” і “самасуд”
29-гадовага жыхара райцэнтру Шуміліна Віцебскай вобласці прызналі вінаватым адразу па двух артыкулах Крымінальнага кодэксу – за пагрозу гвалтам у дачыненні да супрацоўніка МУС (арт. 364 КК) і за абразу прадстаўніка ўлады (арт. 369 КК). Абразай з боку Дзмітрыя Кулакова маёр міліцыі Іван Патоцкі палічыў слова “прыкарытнік”, а пагрозу гвалтам убачыў у словах “люстрацыя і самасуд”.
Міліцыянт сведчыў на судзе, што меў маральную траўму, але блытаўся ў паказаннях, кажа жонка падсуднага, Юлія Кулакова:
-Ён спачатку казаў, што яго гэта ўсё дужа ўсхвалявала, што ён адпрасіўся з працы, звярнуўся да псіхолага… А потым, калі адвакатка пачала яго распытваць, казаў, што працаваў як звычайна. І што хаваў сваю машыну, бо ў нашай краіне міліцыю не паважаюць, скажам так. Што баяўся ён за сябе.
Паводле брата падсуднага, Юрыя Кулакова, баяцца не было падставаў. Хаця б ужо таму, што Дзмітрый некалькі месяцаў пасля здарэння знаходзіўся на волі і не рабіў ніякіх спробаў учыніць гвалт. На думку Юрыя Кулакова, пад увагу міліцыі брат трапіў праз сваю адкрытую грамадзянскую пазіцыю:
-Абурае, што ўсё гэта падстроена, што караюць за дзеянні, якіх ён не рабіў і не збіраўся рабіць. У яго быў свой пункт погляду – што ў нашай краіне народ загналі ў тупік. Ён ўлёткі расклейваў, зносіўся з людзьмі, нічога дрэннага не рабіў ён.
Суддзя Кацярына Унуковіч прызнала хлопца вінаватым. Паводле судовага выраку, ён будзе накіраваны на тры з паловай гады ў папраўчую ўстанову адкрытага тыпу. Пакуль прысуд не ўступіў у законную сілу і месца адбывання “хіміі” не вызначана, Дзмітрый Кулакоў вызвалены з-пад варты.
15 снежня паводле падобных абвінавачанняў Гарадоцкі раённы суд прысудзіў 33-гадоваму Мікалаю Чарняўскаму паўтары гады калоніі агульнага рэжыму за пагрозы і абразу супрацоўніка МУС. Мужчына быў прызнаны вінаватым паводле арт. 369 КК («Абраза прадстаўніка ўлады») і арт. 365 КК («Умяшанне ў дзейнасць супрацоўніка ўнутраных спраў»). Вырак агучыў суддзя Аляксандр Ляшковіч.
Беларускае Радыё Рацыя, Віцебск
