Тры жыхаркі Гародні атрымалі розныя тэрміны абмежавання волі за ўдзел у пратэстах



Тры жыхаркі Гародні атрымалі розныя тэрміны абмежавання волі за ўдзел у акцыі пратэсту ў абласным цэнтры 6 верасня 2020 года, паведамляюць праваабаронцы.

Галіна Гарацкевіч і Ганна Мароз у перапынку паміж судовымі пасяджэннямі

Рашэннем суда Кастрычніцкага раёна Гародні (суддзя Максім Галубовіч) Ганна Мароз прыгавораная да чатырох гадоў абмежавання волі без накіравання ў папраўчую ўстанову адкрытага тыпу, Ала Гарацкевіч — да двух з паловай гадоў абмежавання волі без накіравання ў ПУАТ, яе дачка Галіна — да трох гадоў абмежавання волі з накіраваннем у ПУАТ.

Яны прызнаныя вінаватымі па двух артыкулах Крымінальнага кодэкса: 342 (арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, што груба парушаюць грамадскі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх) і 364 (гвалт альбо пагроза ўжывання гвалту ў дачыненні да супрацоўніка органаў унутраных спраў).

Да суда жанчыны правялі пад вартай пяць месяцаў. Пасля абвяшчэння прысуду Мароз і Гарацкевіч-старэйшую вызвалілі ў зале суда. Паведамляецца, што пасля распачынання крымінальнай справы ў Алы Гарацкевіч было дыягнаставанае анкалагічнае захворванне.

6 верасня ў горадзе адбыліся сутыкненні паміж дэманстрантамі і сілавікамі. Пацярпелымі па справе праходзілі 11 амапаўцаў.

belapan.by