Цэнтр дапамогі беларускім добраахвотнікам працуе ў Варшаве



Дапамагаць, не стамляцца і верыць у тое, што ўсе байцы вернуцца з вайны цэлымі і жывымі. Такія задачы стаяць цяпер перад актывістамі, што займаюцца гуманітарнай падтрымкай на карысць Украіны.

Наш карэспандэнт завітала ў беларускую арганізацыю “FreeShop Partyzanka”, якая месціцца ў Варшаве. Там яна паразмаўляла з кіраўніком Цэнтра дапамогі беларускім добраахвотнікам з пазыўным “Доктар” і высветліла, якую дапамогу можа атрымаць чалавек тут.

„Доктар” Фота: Беларускае Радыё Рацыя

Менавіта, калі ён прыязджае ў “FreeShop Partyzanka”, ён можа атрымаць рэчы першай неабходнасці, ежу, нейкую кансультацыю ад валанцёраў. Што тычыцца юрыдычнай кансультацыі, гэтым займаюцца больш “Партызанкі” – ініцыятыва. І рассяленнем некаторы час займаўся “Хаб”, але з кватэрамі зараз у Варшаве вельмі цяжка. Іх або не знайсці, альбо ўлады горада ўжо раяць украінцам і ўвогуле тым, хто едзіць у Варшаву, абіраць іншыя гарады, таму што тут вельмі цяжка ўладкавацца.

У нас некалі ў суседнім будынку быў пункт, дзе размяшчалі ўкраінцаў, таму чарга каля дзвярэй была вялікая заўсёды з кожнага ранку. І мы ў той час некалькі тыдняў працавалі 24/7, таму што ў любы момант мог прыйсці любы чалавек па дапамогу, патэлефанаваць у дзверы. І заўсёды два-тры валанцёры былі на такі выпадак на месцы, каб, калі што дапамагчы чалавеку.

РР: Якія запыты і пытанні сёння найбольш запатрабаваныя?

“Доктар”: Калі для ўкраінцаў, якія тут, у іх збольшага ўсё добра. Я бачу, як Еўропа ўся паднялася: і Германія, і Штаты, і ўсе, выбудоўваюць цэлыя праграмы. Тое ж самае, што ў нас, у беларусаў, было ў 2020 годзе.

 Для тых украінцаў, якія там засталіся, я нават разумею, што нават і для тых, хто тут знаходзіцца, ім вельмі цяжка глядзець на тое, што там адбываецца.

Першы і апошні запыт – гэта закрыць неба над Украінай. Таму што тое, што адбываецца ў Марыўпалі, тое, што адбываецца ў Харкаве…, мы нават не можам даставіць туды дапамогу. Мы разумеем, што яна не даедзе. Там у бамбасховішчах дагэтуль хаваюцца дзеці, старыя, якім патрэбная дапамога, але іх ніхто не можа не эвакуяваць адтуль, ні прывезці ім ежу, нейкія рэчы першай неабходнасці, лекі. Таму што гэта проста вельмі цяжка даставіць.Я ведаю, што там асабліва цяжка і там ваенныя.

Трэба аддаць ім належнае, яны стаяць там да апошняга. Я спадзяюся, што Марыўпаль застанецца ўкраінскім да апошняга.

РР: Ці падтрымліваеце вы сувязь з беларускімі вайскоўцамі, якія добраахвотнікамі накіраваліся ва Украіну?

“Доктар”: Так, канешне. У нас так атрымалася, што, нават жарт выйшаў, хлопцы ў „відосах” высылалі падзякі ў Цэнтр беларускіх добраахвотнікаў. Мы не ведалі, што гэта мы. Там да нас Паўло прыязджаў час ад часу, браў нейкія рэчы і  перадаваў, альбо мы таксама перадавалі праз знаёмых, хто ехаў у той бок да іх. Неяк так падтрымлівалі сувязь, тым больш, што ў маёй камандзе, менавіта якая займаецца добраахвотнікамі, шмат знаёмых. Нават добраахвотнікі прыходзяць час ад часу перад адпраўкай дапамагчы і г.д.

Паціху складваецца так, што гэта будзе ўсё ж афіцыйны цэнтр. Мы трымаем з імі сувязь, і не толькі з батальёнам Кастуся Каліноўскага. Гэта ўвогуле шмат беларусаў, якія знаходзяцца ў іншых падраздзялення ЗСУ і г.д. Мы намагаемся ім дапамагчы, чым можам. Гэта і лекі, і форма, калі гэта патрэбна. Ёсць запыты і больш цікавыя, іншае пытанне, што мы іх не можам купіць на тэрыторыі Польшчы, таму што іх амаль няма

Нягледзячы на ўсе псіхалагічныя і фінансавыя складанасці, праца актывістаў Цэнтра дапамогі будзе працягвацца.
Стаць валанцёрам арганізацыі і далучыцца да падтрымкі вы таксама можаце. Інфармацыя пра тое, як гэта зрабіць, размешчаная ў тэлеграм-канале “FreeShop Partyzanka”.

Цалкам гутарку слухайце ў далучаным файле:

Беларускае Радыё Рацыя