Цэнтр рэабілітацыі “Светач” адзначыў гадавіну працы



Гадавіну сваёй працы адзначыў  Цэнтр рэабілітацыі залежных на алкаголь “Светач” у Бягомлі Докшыцкага раёна. Ён працуе пры парафіі Хрыста – Валадара сусвету і месціцца ў мясцовай капліцы.

Мерапрыемства распачалося са святочнай імшы, падчас якой адбыўся сакрамэнт канфірмацыі (бежмаванне) мясцовых вернікаў, які ўдзяліў  генеральны вікарый Віцебскай дыяцэзіі ксёндз Францішак Кісель. Потым прысутныя маліліся за залежных  на алкаголь і іх сем’і.

Па словах псіхолага, гештальт-тэрапеўта Вячаслава Цырліна, залежнымі на алкаголь у асноўным становяцца тыя людзі, якія раслі ў аўтарытарных сем’ях або залежных на алкаголь.

– Калі гаварыць пра залежнасць, то гэта сем’і, дзе ёсць дэфіцыт любові і блізкасці. Вось тады гэтае месца зойме алкаголь. З ім будзе “цёпла” і “ўтульна”.

Паводле кіраўніка Цэнтра “Светач” Уладзіміра Шчэпіна, першы год працы цэнтра быў  самым складаным, бо гэта быў год станаўлення і заяўкі пра сябе.

– Год, многа гэта ці мала? З аднаго боку, мала, але зроблена за гэта час шмат. Галоўнае, што за гэты год мы зацвердзіліся. Для мяне самым галоўным было, каб людзі пра нас пачулі. Цягам года мы ў асноўным гэтым і займаліся, давалі пра сябе інфармацыю, ездзілі па касцёлах. На нашае шчасце, нас пачулі. І дапамога нам пайшла менавіта ад каталіцкай царквы.

Падчас свята ладзіўся канцэрт мясцовага народнага вакальнага ансамбля “Сакавіца”, саліста народнага гурта з Барысава “Братка беларус”, прагучалі спевы пад гітару. Напрыканцы адбылася сустрэча з псіхолагам і агульны пачастунак.

 

Таццяна Смоткіна, Беларускае Радыё Рацыя

Фота аўтара