Ці атрымаюць жыхары затопленай вуліцы новае жытло?



Жыхары затопленай вуліцы Татарскай, што ў Гародні, згубілі надзею на новае жытло. За амаль два гады, якія мінулі з часу затаплення вуліцы, якая знаходзіцца недалёка ад гарадзенскага аўтавакзала, залівала яшчэ пяць разоў. Некалькі дзясяткаў жыхароў цяпер жывуць хто дзе – адных засялілі ў інтэрнат, іншыя – некаторы час жылі ў аварыйнім гатэлі “Беларусь”.

Адзіным жыхаром, што жыве ў сваім аварыйным, поўным вільгаці будынку – застаўся Аляксандр Шыманскі:

– Вырашылі сабраць дакументы – ўсе адказы, якія нам давалі нашы гарадскія ўлады. Сабралі копіі і вось я планую на наступным тыдні накіраваць гэтыя дакументы ў камісію прэзідэнта Аляксандра Лукашэнкі. Праз яго будзем імкнуцца вырашаць нашыя пытанні жыллёвыя. Мне асабіста зімаваць, я печку раблю, каб як-небудзь зіму перазімаваць. Дзе хочаш, там і жыві, ніякіх прапановаў ад уладаў не паступае.

Гарадзенскія ўлады плануюць знесці затопленую вуліцу, аднак для яе былых жыхароў – да сённяшняга часу не знайшлося жытла.

Беларускае Радыё Рацыя, Гародня