Ці будзе заўзятар падаваць у суд на Давыдзьку?
Футбольны заўзятар Андрэй Валькоўскі кажа, што ў яго яшчэ не знікла жаданне падаць у суд за абразу на кіраўніка Белдзяржтэлерадыёкампаніі.
Нагадаем, у адным з выпускаў праграмы “Клуб рэдактараў” абмяркоўваўся футбольны матч зборных Украіны і Беларусі і паводзіны падчас яго беларускіх і ўкраінскіх заўзятараў. Генадзя Давыдзьку абурылі “антырасейскія крычалкі”, якія гучалі падчас матчу, і тое, што беларускія заўзятары ахвотна іх падтрымлівалі. “Чаму нашу краіну на трыбунах у суседняй краіне прадстаўляюць юныя нацысты?” – абураўся кіраўнік БТ.
Пасля гэтага адзін з заўзятараў зборнай Беларусі па футболе апублікаваў у “Нашай ніве” адкрыты ліст кіраўніку БТ з нагоды гэтага яго выказвання. Андрэй Валькоўскі запатрабаваў у сваім лісце, каб Генадзь Давыдзька прадставіў доказы свайму абвінавачванню.
“Паважаны спадар Давыдзька, патлумачце, калі ласка, на якой падставе і на якіх фактах Вы гуртам публічна назвалі беларускіх заўзятараў у Львове нацыстамі? – напісаў заўзятар. – Са свайго боку станоўча патрабую прынесці публічныя прабачэнні беларускім аматарам футбола, якія 5 верасня 2015 года прысутнічалі на адборачным матчы Еўра-2016 паміж зборнымі Украіны і Беларусі ў Львове — за Вашы несправядлівыя і абразлівыя абвінавачанні. У іншым выпадку Вы не пакінеце мне выбару і поля манеўру, і я буду вымушаны ўзяць на сябе ролю арганізатара масавых пазоваў у абароне годнасці ў рамках беларускай судовай сістэмы”.
Трэба адзначыць, што сам Давыдзька пасля гэтага заявіў, што назваў нацыстамі заўзятараў «згарача».
«Пра гэтых фанатаў, заўзятараў футбольных – мне непрыемна, што там непаразуменні ёсць. Нібыта пакрыўдзіліся на мяне, што я назваў іх нацыстамі… Ну, гэта я «згарача», бадай што і прабачэння трэба будзе папрасіць», – сказаў ён у эфіры Еўрарадыё.
Ці не перадумаў заўзятар падаваць у суд?
Андрэй Валькоўскі: Не перадумаў, але раней не зрабіў гэта па розных абставінах, якія паўплывалі на маё рашэнне. У тым ліку, не хацелася рабіць розгалас падчас выбараў, якія я ігнараваў.
РР: Зараз Давыдзька кажа, што назваў заўзятараў нацыстамі “згарача”. Не выключана, што папросіць і прабачэнне…
Андрэй Валькоўскі: Некаторыя знаёмыя мне казалі, што ўжо гэта невялікая перамога, бо такія, як Давыдзька, не вельмі хочуць прызнаваць свае памылкі. Максімум на што разлічвалі – на адсутнасць рэакцыі наогул. Але з іскам я ўсё-такі хачу паспрабаваць, хоць ведаю, што шанцаў нешта выйграць мала. Адна справа – адкрыты ліст надрукаваць, які прымушае чалавека публічна адрэагаваць, і зусім іншае – судовы працэс у нашай “прававой” дзяржаве.
Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя