Ці дасць згоду ААТ „Лента” на выраб бел-чырвона-белай стужкі?



Бел-чырвона-белую стужку супраціўляюцца рабіць у адзіным прадпрыемстве-манапалісце Беларусі ААТ „Лента”, якое знаходзіцца ў Магілёве. Замову на выраб стужкі колераў беларускага нацыянальнага сцяга, як высветлілася, неабходна вырашаць аж генеральнаму дырэктару Сяргею Пятрову. 

Кажа індывідуальнаны прадпрымальнік Сяргей Верамеенка, які два месяцы чакае прадукцыі:

– У вуснай форме я замовіў стужку белага колеру з чырвонай паласой у сярэдзіне. Гэтая стужка нашых нацыянальных колераў, колераў нашага нацыянальнага сцяга. Мне сказалі, што пытанне будзе разглядацца цягам трох дзён. Мажліва тыдня. Яно разглядалася больш за месяц і без усялякага выніка. Аказалася, што трэба звярнуцца напрасткі да тых людзей, якія займаюцца зацверджаннем гэтых заяў. І заяву, аказваецца, трэба падаваць (у маім выпадку) у пісьмовым выглядзе.

У той жа час, у крамах прадпрыемства „Лента” бесперашкодна можна набыць вялікую колькасць стужак, якія носяць чужыя  беларусам колеры і ідэі. Гэта –  „каларадскія” стужкі: знакавыя адметнасці войска расейскага генерала Уласава, які супрацоўнічаў з Нямецкім вермахтам у часе ІІ Сусветнай вайны, стужкі з расейскім трыкалорам.

А што да вырабу стужкі бел-чырвона-белага колеру, то на прадпрыемстве патлумачылі складанасцямі тэхналогіі вырабу. Кажа Сяргей Верамеенка:

– Я спадзяюся, што ўсё ж такі пытанне будзе ўладжана. І мы пра штосьці дамовімся. Мне адказалі, што нібыта генеральны дырэктар загадаў разабрацца тэхнолагам, ці мажліва ўвогуле вырабляць падобную прадукцыю.

Не выклікае сумнення, што стужка, якая цягам гадоў выпускалася прадпрыемствам і існуе ў стале заказаў, на сайце „Ленты” не выходзіць па нетэхналагічнай прычыне. 

Прадпрымальнік з Гародні Сяргей Верамеенка чакае станоўчага развязання праблемы з вырабам стужкі, якая карыстаецца вялікім попытам пакупнікоў.

Якуб Сушчынскі, Беларускае Радыё Рацыя, Гародня