Ці дэпартуюць Ганну Красуліну?



Былы старшыня партыі АГП Анатоль Лябедзька распавёў, чаму прэс-сакратарку Аб’яднанай грамадзянскай партыі Ганну Красуліну, хутчэй за ўсё, вышлюць з краіны.

Нагадаем, 13 лістапада Ганну Красуліну выклікалі ў РУУС Маскоўскага раёна Мінска, дзе ўручылі апавяшчэнне аб высылцы з Беларусі тэрмінам на адзін год. Пакінуць краіну яна павінна да 30 лістапада 2018 года. Прычына высылкі ў тым, што Красуліна неаднаразова — тройчы — прыцягвалася да адміністрацыйнай адказнасці, з іх двойчы — за ўдзел у несанкцыянаваных масавых мерапрыемствах, адзін раз — за неаплачаны ў аўтобусе праезд. Усе штрафы актывістка пагасіла, але ў паведамленні было сказана: «Выслаць у інтарэсах грамадскай бяспекі».

Ганна Красуліна паведаміла, што да 30 лістапада абскардзіць гэтае рашэнне і, такім чынам, атрымае адтэрміноўку на ад’езд з краіны. Анатоль Лябедзька: Ёсць верагоднасць таго, што Ганну не будуць дэпартаваць, але вельмі маленькая. Не для таго прымаюцца такія рашэнні, каб потым дэманстраваць сваю слабасць. Улада ў вачах людзей мусіць выглядаць моцнай, маналітнай і рашэнні, якія яна прымае, павінны быць заўжды правільныя.

Па пытанні Дэкрэта аб “дармаедах” улады вымушаны былі рэальна адступіць, але пры гэтым усё гэта афармлялася ў такую рыторыку, што праўда ўсё роўна была быццам бы на іх баку. Але гэта было хутчэй выключэнне чым правіла.

РР: Ганна Красуліна зараз збіраецца асбскарджваць рашэнне, звяртаецца да паслоў..

Анатоль Лябедзька: Трэба выкарыстаць усе магчымасці, якія ёсць, каб адмяніць гэтае бязглуздае рашэнне, бо ў ім няма ні кроплі права. Там выключна палітыка. І, безумоўна, для іміджа афіцыйнага Менска гэтая сітуацыя карысці не дадасць.

РР: Навошта наогул зараз уладам чарговая рэзанансная справа?

Анатоль Лябедзька: Тут могуць быць некалькі версій таго, што адбываецца. Я не выключаю, што ўсё гэта ёсць маленькія складовыя часткі падрыхтоўкі ўладаў да выбарчых кампаній. Не выпадкова ж ужо прагучалі словы, што хутка пачынаецца “палітычная вакханалія”. Нават беларускія непразрыстыя выбары ўлады разглядаюць, як праблему для сябе. Таму зараз яны і мінімізуюць нейкія чаканні, хочуць, каб менш было праблемаў.

Створана мноства арганізацый, якія займаюцца палітычным сыскам і скіраваны на тое, каб ачарняць апанентаў, рабіць іх больш слабымі. Яны проста адпрацоўваюць грошы. Зараз многія кажуць, што ў АГП з’явілася больш праблем, чым было раней. Не выключана, што сілавікі вырашылі скарыстаць сітуцыю, каб дабіць партыю яшчэ больш. Таму што любая палітычная партыя трымаецца на асобах. Як толькі гэтыя асобы выключаны з працэса, то гэта аслабляе арганізацыю.

А Ганна Красуліна – гэта не проста прэсавы сакратар, але і чалавек, які цягне яшчэ і воз вырашэння розных іншых пытанняў. Вось па ёй і вырашылі ўдарыць, каб дадаць галаўной болі партыі. Мяркую, што ўся праблема ў гэтым.

Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя