Ці пачнецца пратэст закатаных нагавіц?
Кіраўнік Гарадзенскай абласной арганізацыі Аб’яднанай грамадзянскай партыі Мікола Салянік прапануе арыгінальны метад пратэсту на дзяржаўнае ў Беларусі свята 3 ліпеня:
– У нас нельга масавыя акцыі праводзіць, пратэсты нельга, нават за плясканне ў далоні караюць, штрафуюць, садзяць на суткі. Я доўга думаў і ўжо другі раз звяртаюся да актыва. Трэба нешта рабіць, каб гэта не трапляла пад адміністратыўны кодэкс. Таму выйшлі з такой прапановай – у знак пратэсту, паколькі мы правая партыя, закатаем правую нагавіцу.
На думку палітыка, кожны з актывістаў можа выказаць свой узровень пратэсту:
– Хто вельмі баіцца, хай адну складку зробіць на правай нагавіцы. Хто менш баіцца, то хай дзве. Хто адважны і смелы чалавек, то хай да калена закатае нагавіцу і ходзіць у знак пратэсту супраць узурпацыі ўлады, супраць таго, што ў нас няма выбараў, што ў нас не працуюць законы, што ў нас парушаюцца правы чалавека. Супраць усяго гэтага мы прапануем правесці такую акцыю.
Мікола Салянік прапануе пашыць паласатыя строі для самых актыўных грамадзян, падобныя да таго, у якім ён прыходзіў на розныя акцыі, а таксама на судовае пасяджэнне.
Беларускае Радыё Рацыя, Гародня
