Ці патрэбен “Чарнобыльскаму шляху” новы фармат?



“Калі арганізатары мерапрыемства сапраўды хочуць, каб гэтая дата засталася ў памяці беларускага грамадства, то трэба нешта змяняць”, – лічыць палітолаг Валер Карбалевіч.

“Чарнобыльскі шлях-2018” быў не вельмі шматлюдным, на мерапрыемства прыйшло каля 500 чалавек.

Валер Карбалевіч: Пачынаўся “Чарнобыльскі шлях” на мяжы 80-90-х гадоў мінулага стагоддзя, як пратэст супраць замоўчвання чарнобыльскай праблемы. Як патрабаванне ўладам прыняць дзейсныя меры, каб дапамагчы тым, хто трапіў у бяду ў выніку аварыі. Пад гэтым сцягам і праходзілі ўсе акцыі апазіцыі 26 красавіка ў 90-я гады.

Потым  былі пошукі іншага зместу – сацыяльнага. Затым “Чарнобыльскі шлях” стаў пратэстам супраць існуючага рэжыму, былі спробы пераўтварыць яго ў пратэст супраць будаўніцтва АЭС. А зараз адначасова розныя ўдзельнікі акцыі прапануюць надаць мерапрыемству розны сэнс. Нехта кажа, што 26 красавіка павінен стаць днём памяці, хтосьці па-ранейшаму хоча ў гэты дзень пратэставаць супраць улады, нехта прапануе праводзіць канцэрт-рэквіем.

РР: Адным словам, няма адзінства ў прапановах?

Валер Карбалевіч: Так. Неяк усё размываецца, і, як мне падаецца, не зусім зразумела нават самім удзельнікам мерапрыемства, супраць чаго яны пратэстуюць. Таму і колькасць удзельнікаў не расце. Трэба было б неяк больш выразна вызначыцца з тым, што сёння ёсць “Чарнобыльскі шлях”.

Калі арганізатары сапраўды хочуць, каб гэтая дата засталася ў памяці беларускага грамадства, то трэба нешта прыдумляць і змяняць. Калі ж усіх усё задавальняе, то можна пакінуць стары фармат. І тады “Чарнобыльскі шлях” будзе, як і раней, для вузкага кола – эколагаў і апазіцыйных актывістаў.

Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя