Ці патрэбен у краіне народны кантроль?



“Народны кантроль – гэта вяртанне ў савецкія часы”, – кажа юрыст-праваабаронца Гары Паганяйла.

Старшыня КДК Леанід Анфімаў заявіў, што рух народнага кантролю можа быць адроджаны ў Беларусі. Па яго словах, трэба прыцягваць грамадскасць да кантролю за тым, што адбываецца ў краіне.

Гары Паганяйла: У савецкі час народны кантроль быў адной з кантралюючых структур, якая правярала ўсіх і мела права на прымяненне суадносных санкцый. Зараз, відаць, захацелі вярнуцца да гэтага, хаця насамрэч нічога не зменіцца. Можа быць, з’явяцца толькі нейкія дадатковыя кампетэнцыі для грамадскіх кантралёраў.

У савецкія часы дэманстравалася, што народ мае права кантраляваць усе сферы дзяржаўнага будаўніцтва, эканомікі, а таму быў народны суд, народныя кантралёры, народныя дружыны. Стваралася ілюзія, што менавіта народ мае ўладу і кантралюе яе. Хаця насамрэч усё адбывалася пад партыйным кантролем. І сёння гісторыя паўтараецца. Хочуць зрабіць выгляд, што народ – галоўны кантралёр, а ў рэальнасці ўся ўлада ў руках чыноўнікаў.

РР: Здаецца, ужо ёсць грамадскі кантроль за месцамі зняволення…

Гары Паганяйла: Вось яскравы прыклад таго, як пускаюць пыл у вочы. Такія грамадскія камісіі фармальна створаны, але ўлада туды накіравала асноўных сваіх прадстаўнікоў, якія рэальна не могуць і не хочуць указваць на тое, што творыцца ў турмах. Тое самае, мяркую, будзе і з народнымі кантралёрамі, калі яны з’явяцца.

Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя

Фота: irp-blr.org