Ці патрэбны Беларусі яшчэ адзін чэмпіянат свету па хакеі?



Палітык і спартовы заўзятар Анатоль Лябедзька распавядае, ці патрэбны краіне яшчэ адзін чэмпіянат свету па хакеі ў складанай эканамічнай сітуацыі.

Нагадаем, Беларусь падала заяўку на правядзенне чэмпіянату свету 2021 года сумесна з Латвіяй. Першынства можа прайсці ў Менску і Рызе.

У 2014 годзе беларуская сталіца ўжо прымала такі чэмпіянат.

Анатоль Лябедзька: Каб я быў, напрыклад, грамадзянінам Швецыі, то, магчыма, вітаў бы правядзенне хакейнага першынства ў Менску. Але ў мяне, як беларуса, узнікаюць вялікія сумневы ў тым, наколькі адэкватны такі форум нашым фінансавым магчымасцям. Краіна мы небагатая, перспектывы ў нас невыразныя. Хаця я разумею, што ёсць частка людзей, якая жыве аўтаномна ад усёй краіны. Гэтых людзей нярэдка паказваюць па БТ, яны наогул не адчуваюць крызіс. У іх заўсёды ўсё ў “шакаладзе”. Але ж, калі мы гаворым пра фінансы, давайце будзем шчырымі – гэты чэмпіянат, калі ўсё-такі пройдзе ў Менску, будзе праводзіцца  за кошт даяркі з Докшыцкага раёна, якая атрымлівае 62 рублі ў месяц, за кошт настаўнікаў, якіх зараз прымушаюць дадаткова за той жа самы заробак працаваць шосты дзень – у суботу. Ён будзе праводзіцца за кошт прадпрымальнікаў, якіх давялі да сітуацыі, што трэба стаяць з працягнутай рукой. Таму ў мяне з гэтай нагоды песімістычны погляд. Добра праводзіць такія мерапрыемствы для заможных краін, там, дзе гэта не накладваецца на бюджэт. Дзе ў чалавека ёсць рэальная мажлівасць купіць квіток і адпачыць.

РР: Можа турысты акупяць гэты хакейны праект?

Анатоль Лябедзька: Турысты могуць унесці свой фінансавы дадатак, але, як правіла, гэта не кампенсуе ўсе выдаткі. Акрамя таго, Беларусь яшчэ не тая краіна, у якую турысты едуць эшалонамі. Падчас мінулага першынства хто склаў асноўную частку заўзятараў? Хлопцы са Смаленска і Тамбова. А еўрапейцы яшчэ крыху насцярожана ставяцца да Беларусі. Не думаю, што да 2021 года краіна стане свабоднай і прывабнай, каб сюды станавіліся ў чэргі турысты.

Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя