Ці перастануць прэсаваць журналістаў-фрыланcераў?



Старшыня Беларускай асацыяцыі журналістаў Андрэй Бастунец распавёў пра сітуацыю з журналістамі-фрылансерамі, якая складваецца на гэты момант.

Андрэй Бастунец: Жруналістаў-фрылансераў працягваюць штрафаваць, але мне падаецца, што пытанне тут палягае не ў прававой плоскасці, а ўсё ж-такі ў палітычнай. Мы памятаем, як у 2015 годзе Аляксандр Лукашэнка абяцаў разабрацца з гэтай праблемай і пасля гэтага некалькі месяцаў у адносінах да журналістаў наогул не было ніякіх судовых працэсаў. Праз нейкі час яны ізноў аднавіліся, але толькі ў адной вобласці – Гомельскай. Затым ізноў каля году не было судовых працэсаў, хаця сітуацыя была такая ж, што і зараз. Такім чынам бачна, што ўсё залежыць ад таго, як захочуць правахоўнікі і суды. У адным рэгіёне ідзе ціск на журналістаў-фрылансераў, у другім яго няма пры такой жа сітуацыі. Увогуле, такім пераследам мы парушаем міжнародныя абязальніцтвы краіны, калі казаць пра Пакт аб грамадзянскіх і палітычных правах. Мне падаецца, што ціск на журналістаў-фрылансераў скончыцца тады, калі будзе прынята адпаведнае палітычнае рашэнне.

РР: Якую пазіцыю ў гэтым пытанні заняло Міністэрства інфармацыі?

Андрэй Бастунец: У ведамстве кажуць, што пратаколы на журналістаў складаюць міліцыянеры, таму, як кажуць, мы не маем да гэтага ніякага дачынення. Але скажу, што гэтае пытанне мы падымаем падчас перамоўных працэсаў паміж Еўразвязам і Беларуссю, таму ёсць пэўныя спадзевы, што гэта дапаможа спыніць рэпрэсіўны канвеер у дачыненні да журналістаў, які ізноў распачаўся ў сакавіку гэтага году.

Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя