Ці пройдуць ў парламенце слуханні па пытанні смяротнага пакарання?



Каардынатар кампаніі «Праваабаронцы супраць смяротнага пакарання ў Беларусі» Андрэй Палуда распавядае пра тое, чаму ва ўладзе загаварылі пра ўвядзенне мараторыя на смяротнае пакаранне.

Член Савета Рэспублікі Віктар Чайчыц упэўнены, што  беларускае грамадства ўжо гатова да абмеркавання пытання аб увядзенні мараторыя на прымяненне смяротнай кары.

А сябра камісіі па эканамічнай палітыцы Ніжняй Палаты парламента дэпутат ад Аб’яднанай грамадзянскай партыі Ганна Канапацкая лічыць, што дэпутаты самі павінны ініцыяваць у парламенце абмеркаванне пытання аб увядзенні мараторыя на прымяненне смяротнай кары.

Андрэй Палуда: Можна, безумоўна, успрымаць гэтыя заявы чыноўнікаў, як нейкія пазітыўныя сігналы, але не больш за тое. Бо заявы ў нас робяцца на працягу доўгіх гадоў, а далей гэтага справа не ідзе. Ёсць толькі нейкія сігналы і нейкія абяцанні. На гэтым усё і заканчваецца. Праўда, ужо добра тое, што гэтыя заявы нейкім чынам каментуюцца ў СМІ, бо такім чынам у грамадстве з’яўляецца хоць нейкае абмеркаванне праблемы.

РР: Але чаму, на ваш погляд, менавіта зараз пачало гучаць, што грамадства саспела да абмеркавання пытання аб увядзенні мараторыя на вышэйшую меру пакарання?

Андрэй Палуда: У снежні мы даслалі дэпутатам наш даклад па праблеме смяротнага пакарання і просьбу правесці на гэтую тэму парламенцкія слуханні. І беларускі дэпутат Навумовіч, знаходзячыся ў ПАСЕ, афіцыйна сказаў, што слуханні па праблеме смяротнага пакарання плануецца правесці. Па-другое, у Менск завіталі замежныя калегі-праваабаронцы з Вялікабрытаніі і Іспаніі, якім, напэўна, таксама хацелі паказаць, што нешта ў гэтым накірунку дзяржава робіць. Але, паўтаруся, усё гэта можа аказацца чарговым пылам у вочы. Калі ж парламенцкія слуханні па пытанні смяротнага пакарання пройдуць, то гэта дало б штуршок, каб узняць праблему на больш высокі ўзровень. Бо ўсе гутаркі дэпутатаў падчас рабочых сустрэч альбо ў кулуарах – гэта ні пра што.

Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя