Ці прыцягнуць чыноўнікаў да адказнасці за гібель школьніцы?



Праваабаронца Валянцін Стэфановіч распавёў, ці павінны несці адказнасць чыноўнікі за тое, што вучаніца 8-га класа загінула падчас уборкі бульбы.

Днямі праваабаронцу дапыталі ў якасці сведкі па крымінальнай справе, узбуджанай у дачыненні да двух супрацоўнікаў школы №11 г. Маладзечна па факце смерці вучаніцы 8-га класа Вікторыі Папчэні падчас уборкі бульбы.

Як паведамляе spring96.org, заяву Валянціна Стэфановіча аб прымусовай працы працаўнікоў прадпрыемстваў і навучэнцаў установаў адукацыі ў жніўні 2016 года Маладзечанскі раённы аддзел Следчага камітэта перанакіраваў ва Упраўленне Следчага камітэта па Менскай вобласці для далучэння яе да крымінальнай справы, узбуджанай па факце гібелі школьніцы.

Валянцін Стэфановіч: У заяве я прасіў правесці праверку наконт складу злачынства ў дзеяннях службовых асобаў Маладзечанскага райвыканкама і начальніка раённага аддзела адукацыі, бо лічу, што яны выйшлі за межы сваіх паўнамоцтваў, калі накіроўвалі людзей на ўборку бульбы. Можа быць, і не яны непасрэдна накіроўвалі, але давалі загад. Заяву далучылі да матэрыялаў крымінальнай справы, следчыя выклікалі мяне на допыт у якасці сведкі. Але ж які я сведка, калі не быў відавочцам тых трагічных падзей, што адбыліся? І ўвогуле, маю заяву мусілі разглядзець на працягу 10 дзён, а не далучаць яе да справы і выклікаць на допыт. А зараз не ведаю, колькі будуць праводзіць следства па гэтай справе. Можа быць, некалькі месяцаў прыйдзецца чакаць.   

РР: Ці ёсць верагоднасць таго, што чыноўнікаў могуць прыцягнуць да адказнасці?

Валянцін Стэфановіч: Мне здаецца, што такая верагоднасць маецца, бо пракурор Мінскай вобласці неяк выказаўся, што па справе праходзяць два падазраваныя, але гэты спіс не закрыты і можа быць пашыраны. Я зыходжу з таго, што чыноўнікі ў прынцыпе не маглі нікога накіроўваць на ўборку бульбы. Яны ведалі пра гэта і выйшлі за межы сваіх паўнамоцтваў.

Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя