Ці складзе ўкраінскі тэлеканал канкурэнцыю расейскай прапагандзе?



Рэжысёр Юрый Хашчавацкі распавядае, чаму яго радуе перспектыва з’яўлення ў Беларусі Першага нацыянальнага тэлеканала Украіны.

Першы нацыянальны тэлеканал Украіны пачне вяшчанне на тэрыторыі Беларусі ўжо ў студзені 2015 года. Пра гэта напісаў на сваёй старонцы ў Facebook украінскі міністр інфармацыйнай палітыкі Юрый Стэць.

Нагадаем, падчас нядаўніх перамоваў у Кіеве пра вяшчанне дамовіліся кіраўнікі Беларусі і Украіны.

Юрый Хашчавацкі: Вельмі добра, што запускаюць украінскі канал, але, шчыра кажучы, не верыцца, што гэта выратуе замбаваную свядомасць беларусаў. Для таго, каб нешта змянілася, трэба адключыць у першую чаргу расейскія тэлеканалы, бо яны – як з ваеннага часу. У гады Вялікай Айчыннай вайны ўздоўж фронта ездзілі нямецкія машыны і крычалі ў рупары: “Рус, здавайся”. Сёння расейскае тэлебачанне – тая самая машына, з якой трэба змагацца ўсімі магчымымі сродкамі. Гэта не журналістыка і наогул – за межамі дабра і зла. Можа, калі спыніць гэтую бясконцую прапаганду, свядомасць беларусаў і пачне прыходзіць у норму. Зрэшты, як мне бачыцца, яна ўжо паціху вяртаецца ў норму ў сувязі з апошнімі “здзяйсненнямі” на валютным рынку. Усе разумеюць, што такая сітуацыя ў нас адбываецца ў ва многім з-за Расеі.

РР: Кажуць, што расейская прапаганда – гэта бомба замаруджанага дзеяння для саміх жа беларусаў. Згодны з гэтым?

Юрый Хашчавацкі: Безумоўна. Я – падрыхтаваны чалавек, але ўжо гадоў пяць, як адключыў усе расейскія тэлеканалы. Яшчэ перад падзеямі ў Грузіі. Калі мне нешта патрэбна, то ўсебаковую інфармацыю магу знайсці для сябе ў інтэрнэце. Чаму? Таму што нават, калі ты разумееш, што гэта – лухта, ілжывы паток інфармацыі ўсё роўна дзейнічае на тваю падсвядомасць. Гэта далёка не бяскрыўдная справа. Калі доўга так уздзейнічаць, то чалавек пачынае верыць у самае неверагоднае, і гэтую карціну затым вельмі цяжка будзе выбіць у сябе з галавы. У свой час так дзейнічала і савецкая машына, але, скажу вам шчыра, тая была больш гуманная. Бо расейская прапаганда цалкам пабудавана на нянавісці і ілжы.

РР: І ўсё ж-такі беларускія ўлады пайшлі на тое, каб у Беларусі з’явіўся Першы нацыянальны ўкраінскі тэлеканал…

Юрый Хашчавацкі: Думаю, гэта гульня. Для Украіны расейскі паліцэйскі – злы, а наш – добры. Добры не толькі для Украіны, але і для Еўропы. Адначасова падаецца і сігнал Пуціну напярэдадні візіта ў Маскву. Усё гэта – гульня.

Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя

Фота kinote.info