Ці ўзаконілі будоўлю ў Курапатах?



Старшыня Беларускага добраахвотнага таварыства аховы помнікаў гісторыі і культуры Антон Астаповіч сцвярджае, што будоўля бізнес-цэнтра ў Курапатах па-ранейшаму незаконная.

Нагадаем, што сёння камісія па разглядзе вынікаў грамадcкіх слуханняў сабралася ў адміністрацыі Першамайскага раёна і зацвердзіла змены, паводле якіх канфліктная пляцоўка, дзе нядаўна пачалося будаўніцтва бізнэс-цэнтра, не ўваходзіць у ахоўную зону.

“Будаўніцтва ў Курапатах незаконнае і пасля зацвярджэння пратакола, – напісаў у сацыяльных сетках Антон Астаповіч. – Пратакол грамадскага абмеркавання – гэта проста адзін з шэрагу дакументаў, які павінен быць прадстаўлены ў Дзяржбудэкспертызу разам з праектна-каштарыснай дакументацыяй. Дарэчы, камісія па грамадскім абмеркаванні ПДП і не магла прыняць іншага рашэння, калі па гэтаму зямельнаму ўчастку не паступала заўваг і прапаноў у час вызначанага тэрміну абмеркавання”.

Са слоў Астаповіча, варта працягваць працу, каб ПДП не атрымаў станоўчага заключэння Дзяржбудэкспертызы і не быў зацверджаны рашэннем Мінгравыканкама, бо менавіта тады ён і набудзе юрыдычную сілу.

“А зараз гэта яшчэ проста стос папераў, і будоўля на Мірашнічэнкі покуль яшчэ не ўзаконена, – дадае Антон Астаповіч. – Трэба рэгулярна прадстаўляць і ў экспертызу, і ў Менгарвыканкам, і ў органы правааховы факты працэдурных парушэнняў. Калі ніхто гэта рабіць не будзе – справа тухлая. Каб за палатачнай эйфарыяй грамадства не прафукала руцінныя справы”.

Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя