Ці выйдуць беларусы на «Марш недармаедаў»?
Апазіцыйныя партыі плануюць «Марш недармаедаў». Запрашаюць на яго не толькі тых, каго непасрэдна закрануў дэкрэт № 3 «Аб папярэджанні сацыяльнага ўтрыманства». Арганізатары «Маршу недармаедаў», які пройдзе 15 сакавіка, маюць намер гарантаваць максімальную бяспеку яе ўдзельнікам.
„А вось ці пойдуць людзі – прагназаваць вельмі складана,” – кажа палітычны аналітык Валерый Карбалевіч, які ацэньвае агульную атмасферу ў грамадстве.
– Сацыяльная напружанасць вялікая ў грамадстве. Людзі не задаволены. Але ад гэтага бурчання, ці то на кухні, ці то ў інтэрнэце на форумах, – да подпісаў з пратэстам, а тым больш да выхаду на вуліцу з пратэстам, – вялізная дыстанцыя. Добра гэта, ці дрэнна – іншае пытанне. Але гэта факт, які зафіксаваны ўжо шмат год у Беларусі.
Прадстаўнікі аргкамітэта «Маршу недармаедаў» таксама паведамілі, што акцыі супраць дэкрэта аб папярэджанні сацыяльнага ўтрыманства плануецца правесці і ў рэгіёнах. У прыватнасці, вулічныя акцыі рыхтуюцца на 19 лютага ў Магілёве і Гомелі.
Улад Грынеўскі, Беларускае Радыё Рацыя