Ці выпусцяць на волю ўсіх фігурантаў «справы патрыётаў»?



Былы дэпутат Вярхоўнага Савета Павел Знавец распавядае, чаму «затухае» гучная справа.

Як вядома, 27 чэрвеня выйшлі на волю пад падпіску аб нявыездзе тры фігуранты «справы патрыётаў» — Сяргей Стрыбульскі, Аляксандр Зімніцкі і Уладзімір Фёдараў.

Напярэдадні спынены пераслед па падрыхтоўцы масавых беспарадкаў, але на сённяшні дзень за кратамі застаюцца яшчэ 11 чалавек, супраць якіх заведзены крымінальныя справы па артыкуле «стварэнне незаконнага ўзброенага фарміравання».

Павел Знавец: Як толькі людзей пачалі затрымліваць, я адразу не выключаў, што ў «аперацыі» былі задзейнічаны беларускія сілавікі прарасейскіх поглядаў. Не думаю, што ў справе быў нейкі крымінальны складнік, але трэба было нанесці ўдар па нацыянальна свядомых людзях. А зараз сілавікі, мабыць, пачалі разумець, што перагнулі палку. Адным словам, цяпер, як мне падаецца, задача такая: замову трэба выканаць, але з найменшымі рэпутацыйнымі стратамі. Вось і выпускаюць фігурантаў справы пакрысе на волю. Маўляў, праверыць факты яны ў любым выпадку былі абавязаны, але тыя не пацвердзіліся. Спынілі ж справу аб падрыхтоўцы масавых беспарадкаў.

РР: За кратамі яшчэ застаюцца 11 чалавек. Ваш прагноз: што будзе з імі?

Павел Знавец: Мяркую, большасць з іх дакладна выйдзе на волю ў бліжэйшы час, а да суда, калі такі ўвогуле адбудзецца, дойдуць справы 2-3 чалавек. А можа і наогул закрыюць справу, бо доказная база, відаць, ніякая. Мы ж бачым, што пра зброю зусім нічога не кажуць, пра тыя склады арматуры ў лесе, якая быццам бы патрэбна была для масавых беспарадкаў… А чаму нічога не кажуць пра “баевікоў”, якія прарываліся праз мяжу на машыне са зброяй з Украіны ў Беларусь? Маўчаць, як быццам і не было той справы. Таму пабачым, на якое развіццё падзей пагодзяцца ўлады. Відавочна, што ўсе карты ў іх руках.

Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя