Ці вырашыцца ў Бярозе дарожная праблема?



Сябры Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамада) Берасцейскай вобласці выявілі галоўныя сацыяльныя праблемы, якія хвалююць жыхароў Белаазёрска і Бярозы.  

Праблем шмат. Адна з іх – дрэнныя дарогі.

Заняцца праблемай дрэнных дарог у Бярозе вырашыла актывістка кампаніі “За наш горад”, сябра Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамада) Таццяна Тарасевіч.

Яна сустрэлася з людзьмі аднаго з мікрараёнаў, дзе дарога мае найгоршы стан. Жыхары мікрараёна ставяцца да праблемы па-рознаму:

– Лужыны, лёд, паслізнуўся, упаў, вывіхнуў руку. Нязручна хадзіць тут.  

– Дрэнная дарога, ездзіць па ёй дрэнна, машына псуецца.

– Дождж пройдзе, па калена вады стаіць. На ровары едзеш пасля дажджу, а ям жа не бачна, як ускочу ў яму, то аж падаю.

Паводле Таццяны Тарасевіч, вырашыць дарожную праблему могуць самі людзі:

– Трэба падключаць людзей да праблемы. Трэба, каб стала больш людзей, якія неабыякавыя да праблемаў. Тады мы будзем чагосьці дабівацца.

Таццяна Тарасевіч плануе напісаць заяву, дадаць подпісы жыхароў мікрараёна ды адправіць яе ў мясцовы раённы выканаўчы камітэт. Калі не атрымаюць станоўчага адказу, то будуць звяртацца вышэй.

Беларускае Радыё Рацыя