Ці ёсць небяспека для беларусаў ад імперскай сімволікі?



Акадэмік Радзім Гарэцкі распавядае, чаму актывізаваліся ў апошні час тыя, хто раздае ў беларускіх гарадах расейскую сімволіку, і ці не ідзе ад гэтага якая-небудзь пагроза.

RGnamed

На рынках, у беларускіх крамах, проста на вуліцах усё часцей можна ўбачыць продаж ці бясплатную раздачу георгіеўскіх стужак і іншай расейскай сімволікі. Навошта гэта беларусам? І адкуль ідзе?

Радзім Гарэцкі: Я ў гэтай сітуацыі нічога добрага не бачу. У нас сваю сімволіку трэба раздаваць, але пры чым тут Расея? Мне здаецца, што ў гэтых раздачах на вуліцы ёсць нават парушэнне закона. Вы, напрыклад, паспрабуйце ў Маскве раздаць паштоўкі з вышыванкамі. Альбо у Мінску. Не думаю, што такое дапусцяць.

РР: Ці ёсць тут пэўная пагроза?

Радзім Гарэцкі: Увогуле, георгіеўскіяы стужкі – гэта зусім не сімвал нашай перамогі над фашызмам, калі ўзяць гісторыю іх стварэння. Ва Украіне, дарэчы, таксама ўсё пачыналася са стужак – у Крыме раздавалі, на Данбасе… Так што “каларады” – больш сімвал імперыялізму з боку Расеі. Для Беларусі гэта непатрэбныя і, можа быць, нават небяспечныя рэчы. Дзіўна, што за гістарычны беларускі бел-чырвона-белы сцяг у нас могуць пасадзіць, адабраць яго, зняважыць. А за расейскую сімволіку – нічога. Хоць па логіцы – усё павінна быць наадварот. Я выступаю за тое, каб у краіне было больш беларускіх сімвалаў. Не абавязкова гэта бел-чырвона-белы сцяг – у нас жа вельмі шмат розных сімвалаў. Зрэшты, у нас і за іх могуць забраць у пастарунак. Рэпрэсуюць тых, хто прапагандуе мову. Мы не шануем сваё – гэта сумна і прыкра.

РР: Як думаеце – чаму ў апошні час ўсё актыўней беларусам прапаноўваюць расейскую сімволіку?

Радзім Гарэцкі: Гэта насамрэч выклікае пэўную падазронасць, бо і на нас можа быць нейкі націск. Сёння ў Расеі ўжо заяўляюць: “Беларусі пагражае аншлюс”. Таму чым часцей мы бачым на сваіх вуліцах прыкметы імперыялізму, тым горш для нас. Тут трэба быць дбайным, а не ўхвальваць такія захады Масквы.

Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя

Фота аўтара

[manual_related_posts]