Ці зацягнуць беларусы паясы?



Актывіст незалежных прафсаюзаў Генадзь Фядыніч прагназуе далейшыя скарачэнні працоўных на прадпрыемствах і рост спажывецкага кошту.

Генадзь Фядыніч

У гэтым годзе з рэспубліканскага бюджэта на падтрымку сем’яў з дзецьмі плануецца патраціць рэкордную суму, піша tut.by. Толькі на выплату “сямейнага капітала” вызначаць 1,8 трыльёны рублёў. Ці варта ў крызіс адмовіцца ад гэтых дадатковых выдаткаў? І што чакае беларусаў у крызіс?

Генадзь Фядыніч: У першую чаргу ва ўмовах эканамічнага крызісу неабходна, каб быў збалансіраваны бюджэт. І трэба адмаўляцца не ад патрымкі сем’яў і дзяцей, а ад іншых рэчаў. Мы любім з шыкам праводзіць розныя “Дажынкі”, спартыўныя мерапрыемствы, не шкадуем грошай на непатрэбнае будаўніцтва, якое магло б і пацярпець, на ўтрыманне вялізнай арміі міліцыі. Людзі ўсё жыццё пакутуюць ад кватэрнага пытання, таму ад гэтага адмаўляцца ні ў якім разе нельга. Але скарачаць бюджэт трэба. Неабходны грамадскія слуханні, каб народ выказаўся наконт таго, што яму сёння трэба ў першую чаргу. Дапамога дзяржавы ці лядовы палац? Чаму б не даць людзям канкрэтныя лічбы? Столькі выдаткаў мы скарацілі на дэпутатаў, столькі – на ўрад і іншых чыноўнікаў. Вось тады народ зразумее. Калі цяжка, то павінна быць цяжка ўсім. У гэтай сітуацыі не можа быць нехта лепшым альбо горшым.

РР: Крызіс закрануў і прадпрыемствы, які скарачаюць рабочыя дні, змяншаюць збыт прадукцыі. За кошт чаго будць выжываць яны?

Генадзь Фядыніч: Мне падаецца, што працягнуцца скарачэнні людзей. Збыта няма, грошай няма, а значыцца і работы няма. Прамысловыя гіганты, хутчэй за ўсё, будуць працаваць на свае сатэліты, каб нейкім чынам існаваць, але, паўтаруся, народ будуць звальняць. Усё гэта, як у замкнёным коле, адаб’ецца на якасці прадукцыі, таму што, які заробак, такая і якасць. Лепшыя будуць сыходзіць.

РР: Якія тут бачацца перспектывы?

Генадзь Фядыніч: Шчыра кажучы, многія кіраўнікі прадпрыемстваў, з якімі даводзілася размаўляць, не бачаць выхаду. Чакаюць з мора надвор’я і ўказанняў начальства.

РР: Адным словам, як кажуць беларускія чыноўнікі, у бліжэйшы час прыйдзецца ўсім зацягнуць паясы?

Генадзь Фядыніч: Прыйдзецца, але пытанні ў наступным: да якой ступені іх зацягнуць? І ці вытрымае народ гэтае зацягванне? Але ў любым выпадку – крайнімі застаюцца людзі. І дзяржава не вельмі ведае, дзе яшчэ браць грошы, акрамя як у гэтых людзей. Таму ўводзяцца нейкія новыя падаткі, зборы, растуць кошты… Сітуацыя складаная.

Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя