Ці зменяцца пасля 25 сакавіка беларуска-еўрапейскія стасункі?



Былы дэпутат Вярхоўнага Савета Беларусі Павел Знавец разважае пра тое, як Захад можа адрэагаваць на сёняшнюю сітуацыю ў Беларусі.

Павел Знавец: Мне падаецца, што ўжо пачынаючы з 2010 году Захад пачаў паступова адыходзіць ад асноўнага прынцыпа непрыняцця беларускай дыктатуры. Заплюшчылі вочы на праблемы захавання правоў чалавека, іншыя дэмакратычныя каштоўнасці. Таму, мяркую, вялікай рэакцыі Захада на дзеянні беларускіх уладаў можна і не чакаць. Для Еўропы галоўнае, што ў Беларусі сёння – не Данбас і няма танкаў на вуліцах… Таму беларуская грамадзянская супольнасць не павінна спадзявацца, што еўрачыноўнікі спыняць дыялог з уладай пасля апошніх падзей. Адбываецца перацэнка каштоўнасцей у новай генерацыі еўрапейскіх палітыкаў.

РР: Адным словам, калі працягнуцца пратэсты, то не спыняцца і рэпрэсіі?

Павел Знавец: Безумоўна. Прырода ўлады такая, што любая лібералізацыя – гэта на час. Калі ж ёсць пагроза для існавання гэтай самай улады, то, як кажуць, авечкі становяцца ваўкамі. Зараз, як мне падаецца, задача ў рэжыма адна – спыніць пратэсты, запалохаць грамадства, вярнуць яго ў звыклае рэчышча. І пры гэтым паспрабаваць захаваць добры выраз твару пры дрэннай гульні – працягваць гульні з Захадам у дэмакратызацыю.

Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя