Ці зробяць дарогі на вуліцы Томіна ў Гародні?



Жыхары гарадзенскай вуліцы Томіна звярнуліся да грамадскай ініцыятыва “Гародня” па дапамогу. Грамадзяне просяць дапамагчы вырашыць праблему з ямамі і дзіркамі ў асфальце ў дварах. Распавядае кіраўнік грамадскай ініцыятывы “Гародня” Анатоль Мышкевіч:

– У іх правялі рамонт асфальтавага пакрыцця дарогі перад домам. Літаральна праз тыдзень – рамонту як і не было. Старыя ямы вярнуліся пасля 1-2 дажджоў. Увесь рамонт змыла. Я звярнуўся ў гарадскую ЖКГ. Сказалі, што працы ўжо праводзіліся па Кастрычніцкім раёне. Я напісаў у вышэйшую інстанцыю з просьбай, каб яны даведаліся, чаму працы былі праведзены няякасна, і пракантралявалі, каб у гэтым годзе ўсё было перароблена.

Адзін з жыхароў вуліцы Томіна Аляксандр Абуховіч ужо не спадзяецца на жыллёваэксплуатацыйныя службы і збіраецца звяртацца ў розныя іншыя інстанцыі:

Пасля таго, як я звярнуўся да іх і запытаў, калі ўсё будзе перароблена, ці, можа, мне трэба калектыўны зварот напісаць у ЖЭС, каб яны неяк пачалі рухацца, ці нашым дэпутатам званіць, каб яны ўключылі ў бюджэт далейшыя рамонты, ці яшчэ нейкія інстанцыі, мне адказалі, што прыедуць, усё паглядзяць і выправяць. Але да іх, шчыра кажучы, даверу асаблівага няма, бо яны, як звычайна, на ўсё глядзяць праз пальцы.

Жыхары вуліцы Томіна спадзяюцца, што праблемы з ямінамі ў дварах вырашацца, але гарадскія службы даюць ім адказы, што на вырашэнне гэтых праблем няма фінансаў.

Беларускае Радыё Рацыя, Гародня