Ціханоўская заклікала беларусаў засведчыць факты гвалту, які яны зазналі пасля выбараў



«Кожны з вас ведае, што мірных людзей у нашай краіне рэпрэсуюць. Кожны або перажыў гэта на сабе, або асабіста ведае людзей, якія былі збітыя, зазналі катаванні, арышты і мноства іншых відаў ціску. Мы ўсё гэта бачылі і працягваем бачыць дзень за днём. І мы ўсе хочам спыніць гвалт. Цяпер у нас ёсць працоўны інструмент, каб гэта зрабіць», — адзначае Святлана Ціханоўская ў тэлеграм-канале «Светлана Тихановская» .

Цяпер у Беларусі працуе Маскоўскі механізм АБСЕ: міжнародныя эксперты збіраюць інфармацыю пра ўсе пагрозы жыццю і свабодзе беларусаў і заклікаюць усіх, хто стаў ахвярай гвалту з боку сілавікоў, паведамляць пра гэта на электронны адрас [email protected]

У паведамленні трэба падаць сваё імя, прозвішча, узрост, дату і апісанне падзеі (калі сам чалавек або яго блізкія пацярпелі ад сілавых структур), а таксама пазначыць, ці ў небяспецы вы зараз.

„Вашы імёны не трапяць у публічны доступ, але стануць адным з відавочных пацверджанняў хлусні рэжыму. Не дайце ім хлусіць, што вас не існуе. Адпраўляйце на гэтую пошту ўсе вядомыя вам факты гвалту – збор заяў адкрыты да 5 кастрычніка”, адзначаецца ў тэлеграм-канале.