Ціханоўскаму прысудзілі яшчэ 15 сутак арышту



Папулярны відэаблогер Сяргей Ціханоўскі, які з’яўляўся кіраўніком ініцыятыўнай групы па вылучэнні сваёй жонкі Святланы кандыдатам у прэзідэнты і знаходзіцца цяпер у СІЗА № 1, атрымаў яшчэ 15 сутак арышту па абвінавачванні ва ўдзеле ў несанкцыянаваным мітынгу 27 мая ў Магілёве (арт. 23.34 КаАП).

Рашэнне прыняў суд Ленінскага раёна абласнога цэнтра. Пасяджэнне прайшло 23 ліпеня ў фармаце відэаканферэнцыі.

Згодна з матэрыяламі справы, Ціханоўскі хадзіў па пляцоўцы каля гандлёва-забаўляльнага цэнтра «Атрыюм», размаўляў з людзьмі, выказваў незадаволенасць дзейнай уладай, выкрыкваў «Стоп таракан!» і «Жыве Беларусь!».

Сваю віну блогер не прызнаў. Ён заявіў, што не гатовы ўдзельнічаць у працэсе, бо не азнаёміўся з матэрыяламі справы, а пра яе разгляд даведаўся, толькі выйшаўшы з камеры. Акрамя таго, паводле слоў Ціханоўскага, на яго аказвалі маральны націск, паколькі яго распранулі дагала ў прысутнасці шасці работнікаў СІЗА № 1. Блогер папрасіў адкласці разгляд справы, аднак суддзя Алена Літвіна адмовілася гэта зрабіць.

Ціханоўскі не адмаўляў удзелу ў перадвыбарным пікеце жонкі, бо, паводле яго слоў, меў на гэта права як кіраўнік яе ініцыятыўнай групы; з боку міліцыі і гарадскіх уладаў прэтэнзій да яго не было.

Адвакат Ціханоўскага Віктар Мацкевіч прасіў суддзю спыніць адміністрацыйны працэс у сувязі з адсутнасцю правапарушэння. Суддзя палічыла віну Ціханоўскага даказанай.

Падтрымаць блогера прыйшлі больш за 50 яго прыхільнікаў, прысутнічаць на разглядзе справы дазволілі 20, патлумачыўшы гэта складанай эпідэміялагічнай сітуацыяй. Суддзя і сакратары былі без масак, у зале знаходзіліся міліцыянеры. У канцы пасяджэння суддзя выдаліла ўсіх прысутных за парушэнне парадку, засталіся толькі журналісты.

Рашэнне суддзі Ціханоўскі сустрэў фразай: «Сорамна, што ў нас такія суды».

1 ліпеня рашэннем суда Ленінскага раёна Гародні блогер атрымаў 15 сутак за непадпарадкаванне міліцыі на пікеце па зборы подпісаў за яго жонку 29 мая. У той жа дзень ён быў затрыманы і пасля абвінавачаны на падставе ч. 1 арт. 342 Крымінальнага кодэкса (арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, што груба парушаюць грамадскі парадак).

БелаПАН

[manual_related_posts]