Цімафей Дранчук: Няма чым ганарыцца



Кіраўнік кампаніі “Над бар’ерам” распавёў, што ў гэтым годзе іх ініцыятыве споўнілася дзесяць гадоў.

Каля дзесяці гадоў таму прозвішча актывіста Цімафея Дранчука было ў многіх на слыху. Раней ён пастаянна ўдзельнічаў у розных акцыях, у 2006 годзе быў арыштаваны разам з калегамі па дзейнасці не зарэгістраванай арганізацыі “Партнёрства”. У выніку яго асудзілі на 1 год зняволення, але праз некалькі месяцаў вызвалілі ўмоўна-датэрмінова.

Сёння пра дзейнасць былога актывіста практычна нічога не чуваць. Чым ён займаецца?

Цімафей Дранчук: Наша кампанія па дапамозе зняволеным “Над бар’ерам” фармальна існуе, мы не адмаўляем тым, хто да нас звяртаецца. Але ў параўнанні з іншымі буйнымі праваабарончымі арганізацыямі наш уклад у агульную справу мінімальны.

РР: А чаму мінімальны?

Цімафей Дранчук: Самі мы кліентаў не шукаем, звяртаюцца толькі тыя, хто нас ведае. А ведаюць няшмат, бо самі мы нікога не шукаем. Такое атрымліваецца замкнёнае кола. Хаця распачалі кампанію мы дзесяць гадоў таму – пасля таго, як я выйшаў з турмы.

РР: Даволі значны перыяд. Якія найбольшыя дасягненні вы можаце адзначыць за гэты час?

Цімафей Дранчук: Па вялікім рахунку, няма таго, чым можна было б ганарыцца. Былі некалькі чалавек, якія дамагаліся перагляду прысуду, і мы дапамагалі ім распаўсюджваннем інфармацыі. У некаторых выпадках знаходзілі людзям юрыстаў. Але не думаю, што гэта менавіта тыя дасягненні, якія можна ставіць сабе ў заслугу. Скажу самакрытычна: калі б дзесяць гадоў таму мы больш грунтоўна ўзяліся за справу, то маглі б дасягнуць значна большага.

РР: А самі вы дзесьці працуеце?

Цімафей Дранчук: Я – камп’ютарны дызайнер, доўгі час працаваў у паліграфічнай сферы, таму і зараз гэтым займаюся. Але гэта, скажам так, не сталая праца.

Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя