„Цуды ў лесе Дзеда Бая”



„Цуды ў лесе Дзеда Бая” – спартыўна-турыстычны комплекс „Азёркі”, што на Пастаўшчыне, зладзіў святочна-забаўляльную праграму для дзяцей і дарослых. На свята з’ехаліся дзеці з Менска, Ушацкага раёна, з пастаўскіх прыёмных сем’яў, а таксама маладыя спецыялісты.

Прадстаўленне было зладжана па матывах твораў Уладзіміра Дубоўкі, які паходзіць з Пастаўшчыны. У наведвальнікаў свята, па іх словах, засталіся найлепшыя ўражанні:

– Даўно была мара здзейсніць такое падарожжа, тым больш, што мы вывучаем на ўроках беларускай літаратуры. Усё цікава, усё арыгінальна, самабытна, на ўсё глядзім шырока раскрытымі вачыма. Прыедзем да сябе на Ушыччыну і таксама раскажам, што чаму б і нам штосьці такое сваё не зрабіць.

– Мы з Паставаў, прыёмная сям’я. На святы прыходзім павесяліцца, дзецям вельмі падабаецца. Тут можна адпачыць і падыхаць чыстым паветрам.

– Мне спадабалася вадзіць хараводы.

– Мне спадабаўся гэты парк, у якім мы адпачывалі. Вельмі цікавае прадстаўленне, асабліва калі з дзецьмі сюды, то гэта таго варта. Вельмі прыгожа, не хапае толькі снегу.

Падчас свята наведвальнікі танчылі, карагодзілі, адгадвалі загадкі. Потым усе прысутныя наведалі мясцовую карчму, дзе частаваліся гарбатай ды мясцовымі пернікамі.

Усе жадаючыя маглі набыць арыгінальныя сувеніры ад мясцовага ганчара Сяргея Шчэрбы, пакатацца на квадрацыкле і наведаць скаладром.

Таццяна Смоткіна, Беларускае Радыё Рацыя