Туркменскія навучэнкі чыталі вершы Махтумкулі і частавалі слонімцаў



У нядзелю, 5 кастрычніка, у Слонімскай мячэці адбылася сустрэча мясцовых мусульманаў і выкладчыкаў Слонімскага медыцынскага каледжа са студэнткамі-туркменкамі.

Справа ў тым, што ў Слонімскім медыцынскім каледжы сёння вучацца 22 навучэнкі з Туркменістана. Вучацца яны ў Слоніме тры гады. Штогод за вучобу плоцяць 1.200 даляраў у год. А пасля заканчэння каледжа вяртаюцца на Радзіму.

З нагоды мусульманскага свята Курбан-Байрам навучэнкі-туркменкі вырашылі пачаставаць выкладчыкаў і мусульманаў Слоніма туркменскімі прысмакамі, расказаць пра сваю краіну. Гэта ўсё ім удалося. Дзяўчаты ў мячэці накрылі салодкія сталы, шчыра распавядалі пра Туркменістан, спявалі свае народныя песні і чыталі вершы туркменскіх нацыянальных паэтаў Махтумкулі, Сетнізара Сеідзі, Берды Кербабаева і іншых.

Барыс Баль, Беларускае Радыё Рацыя, Слонім

Фота аўтара