Турысты з Расеі: Почему вы разговариваете по-белорусски?



Вопратку з нацыянальным каларытам усё часцей можна набыць у беларускай сталіцы. У адной з такіх крамаў гандляром з’яўляеццабеларускамоўны мужчына ва ўзросце.

60-гадовы менчук Анатоль Гардзей уласным прыкладам паказвае, што актыўнае працоўнае жыццё можна працягваць і на пенсіі:

Анатоль Гардзей: Па-першае, з 2012 года мне вядомая прадукцыя фірмы якая выпускае гэтае моладзевае адзенне. Мае дзеці з задавальненнем апранаюцца ў гэтыя рэчы. Гэтыя рэчы якасныя, густоўныя, а самае галоўнае кожная з іх мае душу, сэрца, яны вельмі, вельмі патрыятычныя. Такая нацыянальная скіраванасць, гістарычная, культурніцкая і гэтак далей. А чаму працаваць захацеў? Таму, што я яшчэ зусім не стары, мне толькі 61 год і не хацелася легчы на канапе, выцягнуць ногі і спачываць на пенсіі. З моладдзю вельмі прыемна мець кантакт. Да мяне прыходзіць светлая моладзь, я яе называю светлячкамі. Таму, што яны сапраўды разумныя, плённыя, мудрыя, дальнабачныя я б сказаў, бо ўсведамляюць хто яны такія, ведаюць што яны належаць да гэтага нашага этнаса беларускага. Практычна ўсе яны беларускамоўныя. Гэта таксама адыграла важную ролю. Я хацеў апынуцца ў асяроддзі менавіта беларускамоўным.

РР: Тут трэба валодаць невялікімі, але ведамі. Доўга разбіраліся?

Анатоль Гардзей: Тут нічога складанага няма. Хаця, прызнаюся сумленна, што апошнія 13 гадоў перад выхадам на пенсію я адпрацаваў на пасадзе эксперта па тэкстыльных вырабах, трыкатажных, вырабах лёгкай прамысловаці. А худзі, зіперы, цішоткі? (Смяецца) – не, гэта ж не толькі для моладзі прызначанае адзенне, але і для людзей сярэдняга ўзросту і для старэйшага пакалення. Не цяжка было.

РР: Што датычна камунікацыі, вы карыстаецеся заўжды беларускай мовай, так?

Анатоль Гардзей: Пачынаючы з 97-га года калі я з сям’ёй вярнуўся з Заходняй Сібіры, дакладней з Новага Урэнгоя ў Беларусі, мы прынялі калегіяльнае, сямейнае рашэнне, што вяртаемся да нашых каранёў, да нашых вытокаў. І з таго часу карыстаемся выключна беларускай мовай. Гэта што датычыцца маёй сям’і. Тут на працы, я карыстаюся на 99% беларускай мовай, часам прыходзіцца пераходзіць на расейскую, але рэдка гэта здараецца. Сур’ёзных канфліктаў на гэтай глебе не здаралася. Пару разоў былі такія смешныя заўвагі ад турыстаў з Расеі, якія пыталіся: “Почему вы разговариваете по-белорусски”? Было вельмі смешна, прыйшлося тлумачыць. Увогулле ў мяне ў сям’і дзве родныя мовы – беларуская і польская, і тут часам прыходзіцца размаўляць з палякамі на іх роднай мове. Дарэчы, я на палову паляк, на палову беларус.

РР: Найбольш можа цікавы выпадак з вашай працы быў, альбо кур’ёзны, які можна ўзгадаць?

Анатоль Гардзей: Было шмат такіх выпадкаў, але мабыць найсмяйснейшы… Такія паясныя торбы ў нас ёсць у продажы, і адна з маіх кліентак запыталася ці ёсць, як жа яны называюцца тыя сумкі што пасля распада Саюза насілі нашыя хлопцы, не памятаю як…(узгадвае). А па-беларуску яны называюцца “шабеты”. Я паправіў маю кліентку і вось не магу ўзгадаць цяпер як яна назвала тую торбу.

РР: Існуе стэрэатып, што людзі вашага ўзросту, 60 і старэйшыя, яны кідаюць усё, ідуць на пенсію… Што б вы такім людзям сказалі?

Анатоль Гардзей: Усё залежыць ад таго, як чалавек збудаваны ў першую чаргу псіхічна. Калі ён з пачуццём уласнай годнасці, з пачуццём гумару, калі ён аптыміст па натуры і вельмі актыўны, яшчэ і фізічна здаровы то падказаў бы не ляжаць дома на канапе. Сядаць на ровар, станавіцца на лыжы, выходзіць з дзецьмі ці з унукамі на каток, станавіцца на ролікавыя канькі калі дазваляе здароўе. Займацца чым небудзь цікавым, бо вельмі хутка можна згаснуць. Як пачынаеш усведамляць, што скончыўся твой прадукцыйны перыяд жыцця і ты практычна ўжо нікому не патрэбны, бо не хочуць з табою ўжо працягнуць кантракт працоўны, развітваюцца з табой часта не вельмі ветліва. Могуць нават якую-небудзь ганаровую грамату не ўручыць за 40 гадоў сумленнай працы. Так што, аптымістычна і з усмешкай падыйсці да гэтай справы, пажартаваць з сябе, сказаць: “Ну браце! 41 год стажа, але ж ты і напрацаваў, заслужаная ты асоба ў гэтай краіне”. Вось так.

Акрамя таго, Анатоль Гардзей вядзе і прапагандуе актыўны лад жыцця. Як сам, так і разам з жонкай у цёплае надвор’е перамяшчаецца выключна роварам. “Зімой на лыжы праўда станаўлюся ўжо радзей, бо праца зацягвае”, – прызнаецца Анатоль.

Мікола Ляшкевіч, Беларускае Радыё Рацыя, Менск