„ТУТ БАЙ МЕДЫЯ” прызнана „экстрэмісцкай арганізацыяй”
Таварыства з абмежаванай адказнасцю „ТУТ БАЙ МЕДЫЯ” ў Беларусі прызналі „экстрэмісцкай арганізацыяй”. Такое рашэнне 14 чэрвеня прыняў Эканамічны суд горада Менска.
Прэс-служба Вярхоўнага суда Беларусі паведамляе, што дзейнасць „ТУТ БАЙ МЕДЫЯ” ў нашай краіне забараняецца. Яго ліквідуюць. Забараняецца „выкарыстанне сімволікі і атрыбутыкі”. Падкрэсліваецца, што „рашэнне падлягае неадкладнаму выкананню”.
У траўні 2021-га супраць службовых асоб і журналістаў партала TUT.by распачалі крымінальную справу, затрымалі 15 чалавек. Спачатку іх абвінавацілі ва ўхіленні ад выплаты падаткаў. Тады ж „ТУТ БАЙ МЕДЫЯ” пазбавілі льготаў ПВТ, а ўжо сёлета выключылі. Сам партал быў знішчаны сілавікамі (яны канфіскавалі серверы), а ў жніўні мінулага года яго кантэнт прызналі „экстрэмісцкімі матэрыяламі”.
Большасці з затрыманых (усе яны — палітзняволеныя) сёлета змянілі меру стрымання.
[manual_related_posts]