Тыдзень супраць смяротнага пакарання ў Бярозе



Бярозаўскія сябры праваабарончага цэнтра “Вясна” ў рамках Тыдня супраць смяротнага пакарання, прымеркаванага да Усясветнага дня супраць смяротнага пакарання, распаўсюдзілі каля 400 буклетаў пад назвай „Шэсць аргументаў супраць смяротнага пакарання”. Падчас раздачы буклетаў людзі ўступалі ў дыскусіі, кажа праваабаронца Сяржук Русецкі:

Істотная частка людзей адмаўлялася браць. Многія з тых, хто бралі, казалі, што яны за смяротнае пакаранне. Часам узнікалі спрэчкі на гэты конт. Напэўна, немагчыма за некалькі хвілін пераканаць чалавека ў тым, што ў яго галаве склалася за значны перыяд часу: вось, пасля таго, як ўзарвалі ў Менску, расстарлялі, – няма тэрактаў у Менску; ва ўсім свеце ёсць, а ў нас няма.

Толькі адна краіна ў Еўропе прымяняе смяротнае пакаранне – Беларусь. Гэта трэба спыніць, забойства – заўсёды забойства, нават калі па законе, лічыць Сяржук Русецкі.

Сваю інфармацыйную працу па адмене смяротнага пакарання ў Беларусі праваабаронцы Бярозы працягнуць 10 кастрычніка, у Міжнародны дзень супраць смяротнага пакарання.

Беларускае Радыё Рацыя, Бяроза