Тыдзень для слонімскіх інвалідаў



У сераду, 3 снежня, у Слонімскім Цэнтры культуры сабраліся некалькі дзесяткаў інвалідаў з горада і раёна, дзе іх павіншавалі з Днём інвалідаў намеснік старшыні Слонімскага райвыканкама Сяргей Юшкевіч, святар Уладзімір Бобчык, старшыня раённага таварыства інвалідаў Георгій Лысенка. Самым актыўным інвалідам таварыства былі ўручаны граматы і падарункі.

У гэты дзень на сцэне Слонімскага Цэнтра культуры адбыўся канцэрт, які цікава падрыхтавалі інваліды Слоніма. Яны паказалі прысутным розныя танцавальныя нумары, спявалі песні і чыталі свае паэтычныя радкі.

У біжэйшыя дні на Слонімшчыне для інвалідаў плануецца яшчэ шэраг мерапрыемстваў. Сярод якіх – некалькі дабрачынных канцэртаў для дзяцей-інвалідаў, бясплатныя паходы ў краязнаўчы музей, тэатр і на мастацкія выставы.

Дарэчы, у Слонімскім раёне сёння налічваецца больш за 3 тысяч інвалідаў.  З іх – 280 дзяцей.

Барыс Баль, Беларускае Радыё Рацыя, Слонім

Фота аўтара