Тысяча подпісаў за якасную медыцыну



У Міністэрства аховы здароўя даслалі больш за тысячу подпісаў за якасную медыцыну. Пра гэта расказала нам актывістка форуму „За якасную медыцыну ў Віцебску” Таццяна Севярынец. 16-га снежня адбудзецца сесія, на якой віцебскія гарадскія ўлады будуць прымаць бюджэт на 2015 год. Тады і стане вядома, ці будзе фінансаванне будаўніцтва 1-й чаргі паліклінікі ў віцебскім раёне Білева:

– Пачынаючы з траўня мы змагаліся за будаўніцтва паліклінічнага комплексу ў Білева, які быў запланаваны ўладмі яшчэ ў 2010 годзе. Справа ў тым, што напярэдадні мясцовых выбараў выступаў старшыня Віцебскага аблвыканкама Косінец і абяцаў, што паліклініка будзе пабудавана ў 2014 годзе.

„Улады кажуць, што ў Віцебску нараджальнасць упершыню за шмат гадоў перавысіла смяротнасць на 211 чалавек. Гэта звязваюць з паляпшэннем якасці медычнага абслугоўвання”, – дадае Таццяна Севярынец. У той жа час у сваім звароце жыхары выказваюць заклапочанасць якраз пагаршэннем якасці і даступнасці медычнага абслугоўвання, заклікаюць улады выконваць дзяржаўныя сацыяльныя стандарты ў галіне аховы здароўя, і завяршыць будаўніцтва даўно запланаваных паліклінік.

Антон Разумоўскі, Беларускае Радыё Рацыя

Фота bchd.info