Тысячы чалавек падтрымалі кандыдатаў у Берасці



На цэнтральнай вуліцы Берасця ў нядзелю можна было назіраць пікеты і чэргі людзей.

Цапкала і Ціханоўская, Бабарыка і Чэрачань, Канапацкая і Дзмітрыеў — вось прозвішчы на інфармацыйных таблічках пікетоўцаў. Згаданыя асобы – гэта вылучэнцы на кандыдата ў прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, а людзі ў чэргах – тыя, хто прыйшоў іх падтрымаць:

– Была інфармацыя, што сам міністр Караеў быў у Берасці. На працягу дня былі затрыманыя мінімум пяць чалавек – гэта тыя, хто насілі на сабе бел-чырвона-белыя сцягі. Мы звярталіся да іх з пытаннем, з якой нагоды яны затрымліваюць. Яны сказалі, што гэтыя людзі пакінулі зону пікету, таму яны былі затрыманыя для высвятлення абставінаў.

На тых хто прыйшоў пакінуць свой подпіс паўплывала затрыманне актывістаў у Гародні, 29 мая, дзе ў той дзень таксама збіралі подпісы за мажлівых альтэрнатыўных кандыдатаў у прэзідэнты. Па словах берасцейцаў, яны праявілі такім чынам салідарнасць, што на іх думку выклікала рэакцыю сілавікоў:

– На дадзены момант ужо падпісалася 3300 чалавек за Ціханоўскую. Агулам на піку толькі ў чарзе стаяла ад трох да пяці тысяч чалавек. Выбудавалася чарга роўна паўтара кіламетра – ад кінатэатра „Беларусь” да „Калгаснага рынку”. Людзі з гатоўнасцю ўспрымаюць гэта як патрэбнае, тым самым яны выказваюць салідарнасць з затрыманымі людзьмі ў Гародні.

Пікетаў за Аляксандра Лукашэнка на Савецкай не было выяўлена. „Мажліва, калі за яго і збіраюць подпісы такім чынам, то недзе ў іншых месцах горада”, – з усмешкай дадалі берасцейцы.

Беларускае Радыё Рацыя