У 2016 годзе палякі прымусілі турыстаў з’есці або выкінуць на мяжы 100 тон бутэрбродаў



«Канапкі, буцірпроты, менса?» – такое можна чуць пастаянна на мяжы з Польшчай або Літвой. І гэта не прапановы ад прадаўцоў беляшоў, а адно з асноўных пытанняў, якое задаюць турыстам пры ўездзе ў ЕЗ супрацоўнікі памежнай службы.

З 2009 года ўвозіць у Еўрапейскі Звяз забаронена прадукты жывёльнага паходжання, у тым ліку бутэрброды з маслам, каўбасой (нават калі там мінімум мяса), малочныя прадукты для дзяцей, і, вядома ж, нельга везці адыгейскі сыр. Тычыцца гэта ўсёй ежы ў незалежнасці ад месца паходжання, у тым ліку вырабленай у ЕЗ, якая ў багажы турыстаў можа вяртацца на «Радзіму». Нават кансервы, калі яны выехалі з Еўрапейскага Звяза, трапіць назад ужо не маюць права.

Польская мытня падлічыла, што на працягу 2016 года на сваёй усходняй мяжы яны канфіскавалі 100 тон бутэрбродаў, сыру, сала і іншай ядомай смачніны, якую хацелі ўвезці ў Польшчу.

Па паведамленні палякаў, канфіскаваная прадукцыя была ліквідаваная ў спецыяльна адведзеных для гэтага месцах, піша uroby.info .