У 2018 годзе запусцяць пяць спадарожнікаў з апаратурай „Пеленга”



У 2018 годзе ў космас будзе запушчана пяць спадарожнікаў дыстанцыйнага зандавання Зямлі з мэтавай апаратурай, вырабленай беларускім прадпрыемствам „Пеленг”. Пра гэта паведаміў генеральны дырэктар прадпрыемства Уладзімір Пакрышкін, выступаючы 13 снежня на пленарным пасяджэнні II з’езда вучоных Беларусі ў Менску.

Паводле яго слоў, „Пеленгу” было даручана займацца развіццём касмічнага прыборабудавання, стварэннем оптыка-электроннай апаратуры для Беларускага касмічнага апарата (БКА). Пасля паспяховай эксплуатацыі БКА перад прадпрыемствам паставілі задачу распрацаваць апаратуру для новага касмічнага апарата, якая была б „у два разы лепшай, чым на першым БКА”.

„У ліпені гэтага года ў космас быў запушчаны яшчэ адзін расейскі спадарожнік „Канопус” з нашай апаратурай, — расказаў Пакрышкін. — Сёння на касмадроме Усходні знаходзяцца яшчэ два „Канопусы”, якія прайшлі выпрабаванні і гатовыя для ўстаноўкі на ракету. Пуск, раней запланаваны на 24 снежня, быў перанесены на I квартал 2018 года. Ёсць інфармацыя, што запуск адбудзецца 19 студзеня”.

„Мэтавая апаратура для яшчэ двух „Канопусаў” зараз знаходзіцца ў нас у вытворчасці. Гэтую апаратуру мы абавязаліся паставіць у верасні 2018 года, а запуск спадарожнікаў запланаваны на канец таго ж года. Што да даручэння прэзідэнта аб стварэнні апаратуры з распазнаваннем 1 м і лепшым, то яно выкананае. У нас ужо замовілі гэтую апаратуру, цяпер мы робім карысную нагрузку з оптыка-электронным апаратам з пастаўкай замоўцу ў сярэдзіне 2018 года і запланаваным запускам у тым жа годзе”, — паведаміў гендырэктар „Пеленга”.

Паводле яго слоў, зараз на прадпрыемстве распрацоўваецца і іншая апаратура, якую запланавана запусціць у космас у 2019 годзе.

Распрацоўка і продаж за мяжу навукаёмістай касмічнай прадукцыі ўжо прынесла „Пеленгу” прыблізна 100 млн долараў. Цяпер прадпрыемства выконвае замовы на такую ж суму, паведаміў Пакрышкін.

belapan.by