У Арменіі расейскую мову афіцыйна прызналі замежнай



Улады Арменіі афіцыйна надалі расейскай мове статус замежнай, паведаміў міністр адукацыі і навукі рэспублікі Лявон Мкртчан

Міністр нагадаў, што раней расейская мова ў Арменіі не мела ніякага статусу. Між тым, паводле слоў Мкртчана, гэтая мова «шырока распаўсюджана» ў краіне яшчэ з часоў СССР.

Мінадукнавукі Арменіі распрацавала асобную канцэпцыю навучання расейскай мове. Сярод прадугледжаных мер – адкрыццё школ і павелічэнне колькасці класаў з паглыбленым вывучэннем расейскай мовы, а таксама з выкладаннем шэрагу прадметаў на ёй. Зараз канцэпцыя вынесена на грамадскае абмеркаванне.

Сайт NewsArmenia.am адзначае, што гэты факт выклікаў бурныя абмеркаванні сярод армянскай грамадскасці, у прыватнасці ў грамадстве з’явіліся размовы аб магчымасці прысваення расейскай мове статусу дзяржаўнай.

Між тым Мкртчан запэўніў, што армянская мова «была і застанецца» адзінай дзяржаўнай мовай у краіне. «Мы – незалежная дзяржава, і ўсе астатнія мовы з’яўляюцца для нас замежнымі», – заявіў ён.

Міністр заклікаў не палітызаваць тэму канцэпцыі па расейскай мове, адзначыўшы, што яна распрацавана і па іншых замежных мовах.