У Асіповічах пасля бойкі з міліцыянтам памёр вайсковец



У Асіповічах (Магілёўская вобласць) пасля бойкі з супрацоўнікам органаў унутраных спраў памёр 38-гадовы вайсковец. Следчы камітэт пачаў справу на падставе ч. 3 арт. 147 Крымінальнага кодэкса (прычыненне цяжкіх цялесных пашкоджанняў, якія пацягнулі смерць), паведамляе прэс-служба ведамства.

„Згодна з звесткамі следства, ноччу 6 чэрвеня ў праваахоўныя органы паступіла паведамленне аб смерці 38-гадовага вайскоўца, жыхара Рэчыцы, — гаворыцца ў паведамленні. — Устаноўлена, што напярэдадні мужчына, у вольны ад службы час, адпачываў у рэстаране ў Асіповічах. У нейкі момант паміж ім і раней незнаёмым яму 25-гадовым мінчанінам, супрацоўнікам органаў унутраных спраў, які знаходзіўся па-за службай, паўстаў канфлікт, і апошні ўдарыў пацярпелага. Мужчына памёр на месцы здарэння”.

Адзначаецца, што вырашаецца пытанне аб прымяненні да 25-гадовага мінчаніна меры стрымання. Праводзяцца неабходныя следчыя дзеянні для ўстанаўлення ўсіх абставін здарэння.

Раней tut.by паведаміў, што канфлікт адбыўся ў асіповіцкім рэстаране „Пралеска”. Паводле звестак партала, загінулы — ваенны камісар Рэчыцкага і Лоеўскага раёнаў Сяргей Плескі. Гэтую інфармацыю tut.by пацвердзілі некалькі яго знаёмых.

belapan.by