У Астравецкім раёне згарэў касцёл XVIII стагоддзя



Раніцай 6 чэрвеня ў вёсцы Клюшчаны Астравецкага раёна згарэў стары драўляны касцёл святога Яхіма.

«У шэсць гадзін раніцы чалавек, які жыве недалёка ад касцёла, пабачыў у вокнах касцёла агонь. Адразу выклікаў пажарных, яны хутка прыляцелі, але ўжо не было чаго ратаваць», — расказвае пчаляр Алесь Марозік, які жыве ў Клюшчанах.

Касцёл святога Яхіма пабудаваны ў 1726 годзе, быў зачынены ў 1948, але вернуты вернікам i адбудаваны ў 1990 годзе. У 1915-м невялікі прамежак часу тут служыў вядомы паэт, а таксама каталіцкі святар Казімір Сваяк.

«Нічога не атрымалася ўратаваць. Толькі выцягнулі кнігу 1887 года з архівамі, але нават яна напалова згарэла», — працягвае Марозік.

Па непацверджанай інфармацыі, на месца здарэння прыязджаў старшыня Астравецкага райвыканкама Ігар Шалудзін.

Прэс-сакратар Гарадзенскага абласнога ўпраўлення па надзвычайных сітуацыях Наталля Жывалеўская пацвердзіла «НН», што касцёл згарэў «да тла». Пакуль у МНС няма дакладнай інфармацыі, што сталася прычынай узгарання.

Імшы ў клюшчанскім касцёле праходзілі штотыдзень, у нядзелі, на іх прыязджаў ксёндз с суседніх Міхалішак.

Паводле nn.by

Фота: PhotoCentra.ru