Майсея Мазько змясцілі ў ІЧУ пры Ленінскім РАУС горада Берасця (абноўлена)



Аб тым, як і чым дапамагчы затрыманаму Майсею Мазько, альбо ягонай сям’і, інфармацыя з’явіцца пазней. Пра гэта паведамляюць карыстальнікі Telegram і Viber каналаў праціўнікаў будаўніцтва акумулятарнага завода, дзе людзі задаюцца пытаннямі аб тым „Як дапамагчы?”. „Але ўжо зараз, да яго ў ізалятар, можна сабраць харчовую і гігіенічную перадачу”, – паведамляе праваабаронца Уладзімір Вялічкін:

– Яму можна перадаваць сродкі асабістай гігіены. Варта, каб у яго былі шкарпэткі на змену, каб майткі былі. Можна прадукты, якія не псуюцца. Садавіна-гародніна. Шакалад, цукеркі. Цукар, кава, гарбата. Але трэба не забываць, што нельга везці туды вялікімі кілаграмамі, таму што жадаючых можа быць многа, а ў камеры мала месца, дзе перахоўваць рэчы.

Ізалятар часовага ўтрымання Ленінскага РАУС Берасця знаходзіцца па адрасе Паўночны Гарадок, 10.

***

Сталі вядомыя прозвішчы супрацоўнікаў Дзяржаўтаінспекцыі, якія спынілі аўтамабіль праціўніка будаўніцтва акумулятарнага завода Майсея Мазько і знайшлі ў ім рэчы, падобныя на боепрыпасы.

Гэтыя звесткі падаў праваабаронца Раман Кісляк, які прысутнічаў на месцы здарэння і зараз сочыць за лёсам затрыманага актывіста:

– А можна ўдакладніць, як вашае прозвішча?

– Тукала.

– А ваша як?

– Ермачэнка.

– Не падкідвалі вы грамадзяніну?

– А вы як лічыце?

– Я не ведаю. Адкуль я магу ведаць.

– На мой погляд, тое, што мне расказваў Майсей Сцяпанавіч, сведчыць, што яго яўна такім чынам „падставілі”. Не ведаю, гэта нейкія прыватныя асобы, або супрацоўнікі праваахоўных ворганаў. Фактычна сфабрывакалі гэтую справу. Падкінулі яму гэтыя прадметы, каб запужаць Майсея Сцяпанавіча і іншых актывістаў. Думаю, што мы перайшлі да наступнага этапу гэтага супрацьстаяння. Да найбольш жорсткага, калі найбольш актыўных людзей будуць пераследваць.

Як мінімум тры дні Майсей Мазько правядзе ў ізалятары часовага ўтрымання пры Ленінскім РАУС горада Берасця. Далейшы яго лёс вырашаць следчыя, пасля таго як стануць вядомыя вынікі экспертызы: ці сапраўды знойдзеныя рэчы з’яўляюцца боепрыпасамі. Сам Майсей Мазько, праваабаронцы, ягоныя сям’я, паплечнікі па барацьбе з будаўніцтвам завода безапеляцыйна лічуць гэтую справу правакацыяй. Затрыманне і дастаўленне ў РАУС актывіста, па дадзеных праваабаронцаў, адбылося каля 4 гадзіны ночы 3 красавіка, адразу пасля следчых дзеянняў на месцы і візіту Майсея ў Следчы камітэт.

***

У вёсцы Тэльмы Берасцейскага раёне ў кватэры, якая належыць затрыманаму праціўніку будаўніцтва акумулятарнага завода Майсею Мазько, 3 красавіка прайшоў вобшук, паведамляе БелаПАН.

„Вобшук пачаўся ў 7.45 і завяршыўся прыблізна ў 9.00. Згодна з маімі звесткамі, нічога не канфіскавана”, — паведаміў праваабаронца Раман Кісляк.

Берасцейскім міжраённым аддзелам Следчага камітэта ў дачыненні да Мазько распачатая справа на падставе ч. 2 арт. 295 КК (незаконныя дзеянні ў дачыненні да агнястрэльнай зброі, боепрыпасаў і выбуховых рэчываў). Ён затрыманы.

* * *

Больш за 9 гадзін адбываліся следчыя дзеянні на месцы спынення супрацоўнікамі ДАІ аўтамабіля берасцейца Майсея Мазько. Мужчыну, які з’яўляецца адным з найбольш актыўных сябраў ініцыятыўнай групы праціўнікаў акумулятарнага заводу „АйПаўэр”, спынілі 2 красавіка пасля 15-й непадалёк ад Гершонаў – аднаго з прадмесцяў горада. Неўзабаве пасля агляду, у аўтамабілі знайшлі рэчы, падобныя да патронаў і выбухоўкі. Каментуе праваабаронца Раман Кісляк, які да позняй ночы сачыў за падзеямі на месцы:

– Машыну канфіскавалі. Яго могуць затрымаць, але пакуль нічога не вядома. Могуць і адпусціць. Яны яшчэ паедуць у Следчы камітэт.

3 красавіка, каля 00:30 па-беларускім часе, ад карыстальнікаў Viber-каналу праціўнікаў будаўніцтва акумулятарнага завода стала вядома, што Майсей Мазько „сваім ходам” накіроўваўся ў Ленінскі РАУС Берасця для дачы тлумачэнняў.

* * * 

У аўтамабілі аднаго з праціўнікаў будаўніцтва і запуску акумулятарнага завода Маісея Мазько знайшлі рэчы, падобныя да патронаў і выбухоўкі. Пра гэта паведамляюць карыстальнікі Telegram- і Viber-каналаў праціўнікаў завода.

„Яго спынілі супрацоўнікі ДАІ ў раёне берасцейскага прадмесця Гершоны”, – паведамляе праваабаронца Раман Кісляк, які зараз знаходзіцца на месцы здарэння і разам з актывістамі сочыць за дзеяннямі следчых:

– Заканчваецца агляд, пакуюцца знойдзеныя і канфіскаваныя прадметы. Быў знойдзены чорны цэлафанавы пакет, у якім знаходзіліся прадметы, якія візуальна падобныя да дробнакаліберных патронаў. І прадмет, падобны да выбухоўкі. Яны ў Маісея Мазько былі знойдзеныя ў аўтамабілі. У 15.30 яго спынілі супрацоўнікі ДАІ, пачалі шукаць. Сказалі, давайце праверым нумары, там і там глядзелі. Сказалі, давайце паглядзім у гэтым месцы, менавіта ў месцы, дзе рэмень бяспекі пасажырскага сядзення. У мяне склалася ўражанне, што яны ведалі, дзе глядзець. Бо ён увогуле не ведае, адкуль гэта. Магчыма, гэта падкінулі альбо самі супрацоўнікі ДАІ, альбо напярэдадні.  

Акрамя праваабаронцаў за сітуацыяй сочаць і самі актывісты з ліку праціўнікаў будаўніцтва завода АКБ. Яны аператыўна прыбылі на месца здарэння, каб фіксаваць усе дзеянні ДАІ і следчых. Некаторыя з іх выказваюць меркаванне пра тое што гэта імаверна правакацыя.

Беларускае Радыё Рацыя, Берасце

Фота: скрыншот з відэа