У аварыі пад Маладзечнам два чалавекі загінулі



У Маладзечне пачатая справа па факце парушэння правілаў дарожнага руху, якое пацягнула па неасцярожнасці смерць двух чалавек, па ч. 3 арт. 317 КК.

Як паведаміла БелаПАН афіцыйны прадстаўнік упраўлення Следчага камітэта па Менскай вобласці Таццяна Беланог, раніцай 1 верасня на 67-м кіламетры аўтадарогі Менск — Маладзечна — Нарач у вёсцы Крыніца Маладзечанскага раёна адбылося сутыкненне двух аўтамабіляў.

Паводле папярэдніх звестак, кіроўца легкавога аўтамабіля Renault 1970 года нараджэння, рухаючыся ў напрамку Маладзечна, не справіўся з кіраваннем і выехаў на паласу сустрэчнага руху, дзе сутыкнуўся з грузавым фургонам Mercedes.

У выніку аварыі кіроўца і пасажыр Renault загінулі на месцы, яшчэ двое пасажыраў аўтамабіля шпіталізаваныя ў рэанімацыйнае аддзяленне. Кіроўца і два пасажыры аўтамабіля Mercedes таксама дастаўленыя ў бальніцу.