У Бабруйску хлопец стрэліў з пнеўмата ў дзяўчыну



Супрацоўнікі міліцыі затрымалі ў Бабруйску 19-гадовага жыхара Гомельскай вобласці, які стрэліў з пнеўматычнай вінтоўкі ў 17-гадовую дзяўчыну.

Як паведаміла БелаПАН афіцыйны прадстаўнік УСК па Магілёўскай вобласці Аксана Салянюк, вечарам 8 ліпеня ў ціры каля аднаго з бабруйскіх гандлёвых цэнтраў знаходзіўся жыхар Гомельскай вобласці з сябрамі. У нейкі момант малады чалавек стрэліў не ў мішэнь, а ў 17-гадовую бабруйчанку, якая праходзіла міма. Куля трапіла ў запясце левай рукі. Пазней аб здарэнні дзяўчына расказала бацькам. Тыя знайшлі ў кішэні яе шортаў кулю і звярнуліся ў міліцыю.

Падазраваны ў стральбе па людзях затрыманы, пачата крымінальная справа.