У Бабруйску не дазволілі пікет у падтрымку прафсаюза РЭП



Бабруйскія актывісты незалежнага прафсаюза работнікаў радыёэлектроннай прамысловасці атрымалі адмову ад мясцовага выканкама ў правядзенні пікетавання на плошчы Перамогі. Пікет салідарнасці з прафсаюзам РЭП планаваўся на 24-га жніўня. Выканкам у сваім адказе спаслаўся на тое, што дамовы з „хуткай”, міліцыяй ды іншымі службамі павінны быць заключаны загаддзя.

Распавядае старшыня мясцовай філіі прафсаюза РЭП Галіна Смірнова:

– Мы павінны да прыняцца рашэння выканкамам ужо ўсё узгадніць. Для мяне, гэта новае. Звычайна ўсе гэтыя ўзгадненні робяцца калі ўжо атрыманы дазвол на правядзенне мерапрыемства, і тады яны прапаноўваюць заключыць дамовы з “хуткай дапамогай”, з міліцыяй, з ЖКГ і г.д. Таму ў іх такое рашэнне – нам адмовіць. Акрамя таго, была пададзена заяўка на непрадугледжанае месца для правядзення масавых мерапрыемстваў. Канешне, зараз яны баяцца ўзнаўлення ўсіх гэтых хваляванняў, якія праходзілі вясной, тым больш зараз павялічваецца колькасць людзей, якія незадаволеныя.

Цяпер Галіна Смірнова рыхтуе петыцыю ў выканкам з патрабаваннем пераносу месца для правядзення масавых мерапрыемстваў. Дазволенае месца каля стадыёну фабрыкі „Славянка” знаходзіцца наводшыбе, там амаль не бывае людзей.

Беларускае Радыё Рацыя