У Бабруйску прэзентавалі кнігу пра дысідэнта Міхася Кукабаку



У Бабруйску прэзентавалі дакументальную кнігу, прысвечаную легендарнаму беларускаму дысідэнту Міхасю Кукабаку. Кніга „Міхась Кукабака” – гэта зборнік артыкулаў, інтэрв’ю і лістоў славутага іншадумца.

Праваабаронца Алесь Бяляцкі адзначыў, што яшчэ ў часы яго студэнцтва Міхась Кукабака стаў прыкладам супраціву сістэме.

– Ён сваім лёсам даказваў, што беларусы ў тыя гады таксама супраціўляліся таталітарнай сістэме. Яны цярпелі за гэта, як і цярпеў спадар Міхась.

За сваю актыўную пазіцыю Міхась Кукабака больш за шаснаццаць гадоў правёў у турмах ды псіхіатрычных лякарнях. Там ён дэманстраваў нязломнасць духу, ніколі не прасіў памілвання, не ішоў на патрабаванні ўлады.

Былы вязень распавёў пра „кропку адліку” у сваёй грамадзянскай дзейнасці.

– Спачатку гэта былі спантанныя акцыі – лісты пратэсту. Сапраўдны, выразна выказаны, пратэст прагучаў з нагоды акупацыі Чэхаславакіі, і я хацеў, каб мой пратэст быў пачуты за межамі краіны.

5_k

Кніга „Міхась Кукабака” падрыхтаваная Праваабарончым цэнтрам „Вясна” ды Цэнтрам даследванняў грамадзянскай супольнасці.

Алена Вільтоўская, Беларускае Радыё Рацыя

Фота аўтаркі