У Бабруйску актывізацыя пераследу актывістаў і журналістаў (абноўлена)



23 сакавіка мусіў адбыцца суд над старшынёй бабрускай філіі прафсаюза РЭП Галінай Смірновай. З гэтай нагоды каля будынка суда чакалі некалькі актывістаў, муж затрыманай, а таксама журналісты.

Праз некаторы час прыехаў падпалкоўнік Сяргей Рудзько і паведаміў, што ўсе прысутныя мусяць праехаць з ім у пракуратуру для прафілактычнай гутаркі, у тым ліку і двое журналістаў. Прадстаўнікі СМІ спрабавалі давесці, што яны здзяйсняюць свае прафесійныя абавязкі, але падпалкоўнік праігнараваў іх словы.

У выніку пасля напісання скаргі на дзеянні мясцовай пракуратуры журналістаў Віктара Качана і Ганну Дусь адпусцілі, а актывістам было вынесена вуснае папярэджанне.

Кажа Аляксандр Смірноў, муж затрыманай Галіны Смірновай:

– З самай раніцы пачаў званіць у ІЧУ, мне сказалі, што напрацягу дня павінны прывезці Галіну Смірнову для разбіральніцтва ў судзе па артыкулу 23.34. Але яе не прывезлі да абеда. Пасля абеда падпалкоўнік Сяргей Рудзько пасадзіў нас у ВАЗ і завёз у пракуратуру, дзе адылася гутарка з пракурорам адносна мітынга 26 сакавіка. Я яму так і сказаў: у чым ён мяне абвінавачвае? Ён сказаў: у арганізацыі. А на плошчу я магу выходзіць калі хачу і знаходзіцца там колькі хачу.  

Аляксандр Смірноў таксама распавёў, што на акцыю 26 сакавіка ў Бабруйску збіраецца прыйсці бацька Галіны Смірновай і пратэставаць супраць незаконнных і гвалтоўных затрыманняў:

– Мой цесць, яму 89 гадоў, і ён збіраецца выйсці на акцыю 26 сакавіка на плошчу Перамогі каля танка Бахарава з плакатам “Свабоду палітвязням!” і “Свабоду народу!”. 

Адразу пасля гутаркі ў пракуратуры Сяргей Рудзько запрасіў аднаго з затрыманых актывістаў – Уладзіміра Уссера да сябе на працяг размовы. Актывіст атрымаў позву на чарговую гутарку на заўтра 24 сакавіка. Яго паплечнікі выказваюць перасцярогу, што ён можа трапіць у ізалятар напярэдадні акцыі. Невядома таксама знаходжанне каардынатара БХД па Магілёўскай вобласці Таісіі Кабанчук, пасля таго як да яе завіталі супрацоўнікі міліцыі.

Пазней высветлілася, што Галіну Смірнову адпусцілі дадому да суда, які адбудзецца 24 сакавіка.

Алена Вільтоўская, Беларускае Радыё Рацыя.

***

Затрыманні ў Бабруйску. Журналістка Ганна Дусь спрабавала атрымаць інфармацыю пра хаду суда над актывісткай Галінай Смірновай, а ў выніку была затрыманая сама.

– Сёння мусіў адбыцца суд над Галінай Смірновай. У выніку прыехаў падпалкоўнік Сяргей Рудзько, які вядзе следства па яе справе, і ўсіх людзей, што былі ў судзе – чацвёра актывістаў і двое журналістаў – адвезлі ў пракуратуру Бабруйска. З намі павінна быць праведзена прафілактычная размова. Мы пачалі казаць, што мы прадстаўнікі СМІ, але Сяргей Рудзько не асабліва звяртаў на гэта ўвагу, і сказаў, што ўсе мы павінны паехаць на прафілактычную размову. Тут знаходзіцца чацвёра мясцовых актывістаў, гэта – Галіна Лазарава, Інга Судзілоўская, Аляксандр Смірноў і Уладзімір Уссер. Таксама журналіст “Бабруйскага кур’ера” Віктар Качан. Пакуль што мы чакаем. Нам сказалі, што з кожным з нас павінна быць праведзена індывідуальная размова.

Па апошняй інфармацыі, актывістку Галіну Лазараву бабруйскія міліцыянты ўжо адпусцілі. Суд над Галінай Смірновай перанесены на 25 сакавіка.

Беларускае Радыё Рацыя