У Бабруйску затрымана каля 30 чалавек



Позна увечары, каля 20.30, усіх затрыманых у Бабруйску адпусцілі без складання пратаколаў. Людзей адпускалі па адным пасля „суразмоваў”.

***

А 12-й гадзіне дня ў Бабруйску на плошчы Перамогі планавался чарговая вулічная акцыя супраць дэкрэта „аб дармаедах”. Аднак людзей на плошчу фактычна не пускалі. За пару гадзін да акцыі там з’явіліся некалькі аўтазакаў, міліцэйскіх машын і людзі ў цывільным. А пасля пачаўся сапраўдны брутальны разгон.

Сярод затрыманых і журналісты, у тым ліку галоўны рэдактар газеты „Бабруйскі кур’ер” Анатоль Санаценка, яго затрымалі на пл. Перамогі падчас асвятлення акцыі. Затрыманы таксама аператар тэлеканала Белсат Віктар Масаловіч, журналіст  Андрэй Шобін, супрацоўнік „Свабоды” Дзяніс Носаў.

Распавядае відавочца падзей у Бабруйску Яўген Габрэлян:

– Ужо на падыходзе стаялі два аўтазакі і там недзе шэсць так званых “касманаўтаў” я бачыў. На самую плошчу Перамогі не пускалі, але людзі сабраліся і стаялі побач. Затым людзі вырашылі пайсці маршам. І падчас гэтага маршу пачалі скандаваць “Жыве Беларусь!”. Адзін мой знаёмы, мы сядзелі ў кавярні, ён выйшаў і пару разоў крыкнуў “Жыве Беларусь!”. Потым зайшлі зноў у кавярню. Літаральна праз 10 секунд уварваліся сюды тры “касманаўты”, амапаўцы і звычайны міліцыянт, груба паклалі, двух чалавек узялі пад рукі і выцягнулі. Далейшы іх лёс я пакуль не ведаю. Яшчэ кажуць, што людзей пільнуюць каля дамоў, у аўтамабілях сядзяць і чыкаюць, калі людзі выйдуць.

Сярод арыштаваных таксама лідар прафсаюзау СПБ Міхаіл Кавалькоў. Затрыманні адбываліся нават у кавярнях і крамах. Туды ўрываўся АМАП, людзей па-просту выцягвалі. Адну жанчыну затрымалі, калі яна падыйшла да міліцыянта і запытала „Што тут адбываецца?”

Паведамляюць, што ў бабруйскі РАУС даставілі больш за 30 чалавек.

***

«Аднаго мужчыну забралі проста з крамы, калі ён купляў куртку. Нас пасадзілі ў аўтазак і прывезлі да УУС, – распавяла Святлана Галоўкіна. – Адной жанчыне патрэбная дапамога, ёй адбілі бакі. У іншай пяцігадовы сын застаўся адзін дома. Яна прасіла перадаць мужу ключы ад кватэры, але супрацоўнікі міліцыі адмовіліся». Пасля гутаркі журналістаў Святлану Галоўкіну, Аляксандра Чугуева і Змітра Суслава адпусцілі без складання пратаколаў.

Таксама стала вядома, што да аднаго пенсіянера выклікалі хуткую, сэрца, забралі ў шпіталь. Гадоў пад 70 яму.

Сярод затрыманых актывіст Эдуард Грынявецкі. Уночы з ізалятара павінны былі адпусціць рэжысёра Максіма Буйніцкага, але спачатку адпусцілі, а пасля зноў вярнулі ў ІЧУ.

***

Аляксандр Чыгір напісаў у сваім Фэйсбуку: У Бабруйску плошчу „Перамогі” зачышчана ад людзей. Нават спроба дастаць мабільны тэлефон выклікае імгненую рэакцыю асоб у цывільным. Апранутыя ў форму істоты самі правакуюць людзей на выказванні ў свой адрас, а затым хапаюць. Мужыка маіх гадоў ўзялі за пытанне: „За что воевали мои деды?” Маладая мама толькі спытала: „От кого охраняете площадь?” Узялі пад рукі і ў аўтазак, яе сяброўка ўзяла дзіцё.

фота з бабруйскага аутазака

***

А 12 гадзіне дня ў Бабруйску на плошчы Перамогі мелася адбыцца вулічная акцыя. Рэдактар «Бабруйскага кур’ера» Анатоль Санаценка прыйшоў асвятляць мерапрыемства. Там яго затрымалі амапаўцы і адправілі ў міліцэйскі аўтобус.

Таксама ў Бабруйску затрыманыя журналісты Андрэй Шобін і Віктар Масаловіч.

Вядома пра затрыманне больш як 30 чалавек.

Па апошняй інфармацыі, затрыманых завезлі ў Бабруйскі РАУС, пакуль яны сядзяць у актавай залі.

Беларускае Радыё Рацыя