У Бабруйску затрыманыя ўдзельнікі галадоўкі і два журналісты



Пяць удзельнікаў галадоўкі і двух журналістаў затрымалі міліцыянты ў Бабруйску.

Як распавёў старшыня арганізацыі Свабоднага прафсаюза Беларускага (СПБ) Бабруйскага завода трактарных дэталяў і агрэгатаў (БЗТДіА) Міхаіл Кавалькоў, іх затрымалі па дарозе да завода.

«Міліцыя забрала машыну, дакументы і вязуць у пастарунак», – сказаў ён па тэлефоне.

Акрамя таго, міліцыянты не патлумачылі прычыны затрымання. Як адзначыў Кавалькоў, у яго выпадку пытанні ў работнікаў міліцыі выклікала пасведчанне кіроўцы.

«Гэта не дакумент, патрэбны пашпарт. Але ў астатніх былі пашпарты, і іх забралі без тлумачэння прычын», – адзначыў ён.

Нагадаем, звольненыя з завода сябры СПБ Мікалай Жыбуль, Алег Шаўчэнка, Аляксандр Варанкін і Аляксандр Грамыка абвясцілі галадоўку ў будынку Бабруйскага гарвыканкама, патрабуючы захавання іх канстытуцыйнага права на працу. Ім двойчы даводзілася пакідаць будынак па патрабаванні міліцыі і чыноўнікаў.

6 лістапада чацвёра галадоўнікаў працягнулі акцыю пратэсту недалёка ад прахадной завода. На выходныя яны перарывалі галадоўку і аднавілі яе 10 лістапада.