У Баранавічах правялі памінальную службу калі Крыжа пакутаў
У Баранавічах традыцыйна ўшанавалі ахвяраў сталінскіх рэпрэсій. Каля ста чалавек сабралася каля Крыжа пакутаў блізу былой турмы НКУС “Крывое кола” са знічамі і кветкамі. Сёлета малітвы і спевы па бязвінна загінулых праходзілі пад пільным вокам амапаўцаў. Вёў службу грэка-каталіцкі святар Яўген Маліноўскі.
Гаворыць намеснік старшыні Баранавіцкай філіі Таварыства беларускай мовы Мікалай Падгайскі:
– Мы асабліва за рамкі малітвы не выходзілі. Нам дастаткова таго, што мы духоўную частку правялі так, як трэба. Таму што стаялі калі нас амонаўцы, запісвалі-здымалі. Канешне, нам было не рацыянальна тут мітынгаваць. Нам адразу сказалі б, што мітынг, некага схапілі б, суды і ўсё такое. Таму я лічу, што мы правільна зрабілі – правялі малітву, людзі памаліліся, і ўсе ведалі, чаму мы сабраліся.
Паводле Мікалая Падгайскага, памінавенне скончылася гімнам Магутны Божа. Парадавала тое, што далучыліся зусім новыя людзі, не толькі да малітвы па ахвярах, але і да прыборкі каля Крыжа. Грамадства змянілася, таму дабро абавязкова пераможа зло, упэўнены спадар Падгайскі.
Беларускае Радыё Рацыя
